Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/16/888949_888950/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:20
16.02.2017 14:15 Палітыка, Грамадства

Прэс-сакратар Пуціна: Расія не разглядае пытання аб увядзенні візавага рэжыму з Беларуссю

Мінск, 16 лютага. Расія не разглядае пытання аб увядзенні візавага рэжыму з Беларуссю. Пра гэта заявіў 16 лютага Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, паведамляе расійскае інфармагенцтва ТАСС.

Такім чынам Пяскоў пракаментаваў апублікаваныя Усерасійскім цэнтрам даследаванняў грамадскай думкі (УЦДГД) вынікі сацапытання, згодна з якім 78% рэспандэнтаў заявілі аб неабходнасці ўвесці візавы рэжым з Беларуссю.

Вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага 8—9 лютага ў форме тэлефоннага інтэрв`ю, УЦДГД апублікаваў 16 лютага. У даследаванні ўдзельнічалі 1.200 рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў РФ, хібнасць не перавышае 3,5%. У ходзе апытання пераважная большасць рэспандэнтаў выказаліся за ўсталяванне візавага рэжыму з Беларуссю, пагадзіўшыся з думкай, што "Расія не павінна пускаць на сваю тэрыторыю невядомых людзей, якія не атрымалі належнай расійскай візы".

Высвятляючы меркаванне расіян аб візавай палітыцы Расіі ў дачыненні да Беларусі, удзельнікам апытання нагадвалі, што мяжа паміж двума краінамі прыблізна 20 гадоў існуе толькі фармальна. Рэспандэнтам таксама паведамлялі, што ў пачатку 2017 года Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін і цяпер "гэтыя грамадзяне могуць уехаць у Расію праз Беларусь, не атрымліваючы расійскую візу".

У выніку толькі 16% апытаных палічылі неабходным захаваць бязвізавы рэжым з Беларуссю, 6% не здолелі адказаць на пытанне. Найбольш актыўна выступілі за ўсталяванне візавага рэжыму маладыя людзі 18—24 гадоў (89%).

Расіян таксама спыталі, кім, на іх думку, з`яўляецца Беларусь для Расіі. 40% апытаных назвалі сваю заходнюю суседку дружалюбнай дзяржавай, 35% — гандлёвым і эканамічным партнёрам, 9% — стратэгічным партнёрам, 4% — эканамічным і палітычным сапернікам і канкурэнтам, 3% — верагодным праціўнікам і варожай дзяржавай. Астатнія 9% рэспандэнтаў не вызначыліся ў сваім стаўленні да Беларусі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН