Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/25/890427_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:23
25.02.2017 13:38 Палітыка, Грамадства

ЛДП патрабуе спыніць будоўлю каля Курапат і стварыць мемарыял

Мінск, 25 лютага. Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі настойвае на тым, што будаўніцтва ля ўрочышча Курапаты павінна быць неадкладна замарожанае, а Мінгарвыканкам павінен правесці вывучэнне пытання, як і на падставе чаго з`явіўся дазвол на будаўніцтва ў гэтым месцы. Пра гэта гаворыцца ў заяве вышэйшай рады ЛДП.

"Сітуацыя вакол супраціву забудоўшчыкам каля ўрочышча Курапаты выйшла за межы інтарэсаў купкі людзей. Улады зноў праспалі народны пратэст, на гэты раз гаворым пра сталічны гарвыканкам", — заяўляе ЛДП.

Пры гэтым партыя звяртае ўвагу, што з Курапатамі "вельмі зразумелая сітуацыя". "Урочышча даўно вядомае сваімі пахаваннямі, яшчэ ў часы будаўніцтва МКАД у сямідзясятых праўда выйшла вонкі. Давайце не будзем разбірацца, хто менавіта там пахаваны: у любым выпадку ў Курапатах спачываюць тысячы ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Патрабуем расследавання кампетэнтных дзяржорганаў, як быў атрыманы дазвол на будаўніцтва каля месца, дзе ляжыць прах тысяч, калі не дзясяткаў тысяч. У нас што, месца ў Мінску мала?" — падкрэсліваецца ў заяве.

ЛДП патрабуе спыніць будоўлю і стварыць мемарыял, там жа арганізаваць музей памяці рэпрэсаваных.

"Мы — еўрапейская краіна і павінны ўшанаваць памяць загінулых у цывілізаваным фармаце. Беларусь пацярпела ад рэпрэсій больш за многія іншыя рэспублікі. Так давайце жыць і ставіцца да сумных старонках нашай гісторыі па-чалавечы!" — заклікае партыя.

Пяціпавярховы бізнес-цэнтр з парковачнай зонай і крамай на першым паверсе ўзводзіць на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Мінскай кальцавой аўтадарогі ТАА "Белрэканструкцыя" па замове кампаніі "КІПрэканструкцыя". Праект павінен быць завершаны да 28 лютага 2018 года.

Прадстаўнікі грамадскасці і частка мясцовых жыхароў лічаць, што будаўніцтва бізнес-цэнтра ў гэтым месцы незаконнае, бо гэтая зямля была прададзеная на аўкцыёне тады, калі яна яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты". Акрамя таго, яны адзначаюць, што будаўніцтва аб`екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацверджаны праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі.

Пратэст супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра працягваецца ўжо шостыя суткі. Абаронцы Курапат настойваюць на неадкладным спыненні будаўніцтва і поўнай адмене праекта.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН