Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/25/890433_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:48
25.02.2017 14:55 Грамадства, Палітыка

"Гавары праўду": Новабудоўля ля Курапат — гэта выпрабаванне на злом гістарычнай годнасці ўсёй нацыі

Мінск, 25 лютага. Новабудоўля ля Курапат — гэта выпрабаванне на злом гістарычнай годнасці ўсёй нацыі, гаворыцца ў заяве рэспубліканскага савета грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду".

"Для тых, у кім жывыя памяць і павага да мінулага Беларусі, яе драматычнай гісторыі, да трагічных лёсаў нашых дзядоў і прадзедаў, Курапаты — сакральнае месца. Яно асвечанае крывёю нявінна закатаваных. Таму любая праява абыякавасці, непавагі, а то і вандалізму ў зоне будучага нацыянальнага мемарыяла прыцягвае абвостранае грамадскую ўвагу, выклікае маштабнае грамадзянскае супрацьстаянне, — гаворыцца ў заяве. — Так ужо было падчас пракладкі аўтамабільнай дарогі прама па безназоўных пахаваннях, узвядзення там забаўляльнага цэнтра. Гэта ж мы бачым і сёння, калі ў абыход законнай працэдуры спрабуюць перарэзаць новай камерцыйнай будоўляй дарогу памяці да сэрца Курапат".

На думку прадстаўнікоў "Гавары праўду", чыноўнікі зноў спрабуюць праігнараваць меркаванне даследчыкаў і грамадскасці, пункт гледжання мясцовых жыхароў. "МАЗамі", трактарамі і бульдозерамі на ўскраіне вуліцы Мірашнічэнкі "яны фактычна выпрабоўваюць на злом, на трываласць гістарычную годнасць усёй нацыі".

"Гавары праўду" заклікае ўлады "да паўнавартаснага дыялогу ў імя памяці і нацыянальнага адзінства". Кампанія прапануе: прыпыніць будаўніцтва да высвятлення пракуратурай законнасці набыцця ўчастка і правядзення работ; у выпадку калі рашэнне прынятае без парушэнняў, правесці паўторныя грамадскія слуханні і па іх выніку прыняць рашэнне аб магчымасці будаўніцтва на гэтым участку; сфармаваць рабочую групу з удзелам грамадзянскай супольнасці, гарадскіх уладаў, даследчыкаў для стварэння мемарыяла памяці і распрацоўкі плана арганізацыйных і інфармацыйных мерапрыемстваў; забараніць змены раней зафіксаваных межаў ахоўнай зоны, абазначыць іх не толькі на карце, але і на мясцовасці інфармацыйнымі стэндамі; правесці навукова-практычную канферэнцыю па тэме нацыянальнай памяці, дзе Курапаты павінны стаць адной з галоўных тэм; у Дзень памяці ахвяр рэпрэсій правесці прысвечаную тэме Курапат фотавыставу ў Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў.

Пяціпавярховы бізнес-цэнтр з парковачнай зонай і крамай на першым паверсе ўзводзіць на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Мінскай кальцавой аўтадарогі ТАА "Белрэканструкцыя" па замове кампаніі "КІПрэканструкцыя". Праект павінен быць завершаны да 28 лютага 2018 года.

Прадстаўнікі грамадскасці і частка мясцовых жыхароў лічаць, што будаўніцтва бізнес-цэнтра ў гэтым месцы незаконнае, бо гэтая зямля была прададзеная на аўкцыёне тады, калі яна яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты". Акрамя таго, яны адзначаюць, што будаўніцтва аб`екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацверджаны праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі.

Пратэст супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра працягваецца ўжо шостыя суткі. Абаронцы Курапат настойваюць на неадкладным спыненні будаўніцтва і поўнай адмене праекта.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН