Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/27/890573_890574/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 20:56
27.02.2017 11:49 Эканоміка, Палітыка

Віцэ-прэм`ер РФ Дварковіч: Рознагалоссі паміж Расіяй і Беларуссю па газавым пытанні застаюцца

Мінск, 27 лютага. Рознагалоссі паміж Расіяй і Беларуссю па газавым пытанні застаюцца. Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм`ер Аркадзь Дварковіч 27 лютага ў кулуарах інвестфоруму ў Сочы, адказваючы на пытанне, ці вывучыла кіраўніцтва РФ і Беларусі падрыхтаваны тэкст пратакола па нафтагазавым пытанні.
"У нас рознагалоссі застаюцца", — цытуе Дварковіча агенцтва ТАСС.

Расійскі віцэ-прэм`ер таксама паведаміў, што перамовы працягваюцца. "Беларусь даўно павінна была пагасіць доўг за газ, а не назапашваць яго", — дадаў Дварковіч.

У канцы мінулага месяца ён заяўляў, што сума доўгу Беларусі за пастаўкі расійскага газу па стане на 28 студзеня дасягнула каля 550 млн долараў.

16 лютага віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што падпісанне пратакола з Расіяй па нафтагазавай спрэчцы чакаецца "на наступным тыдні". "Мы на мінулым тыдні правялі чарговыя перамовы. Склалі праект пратакола, завізіравалі нашымі подпісамі з нашым візаві — віцэ-прэм`ерам Расіі Аркадзем Дварковічам. Цяпер пратакол знаходзіцца на разглядзе расійскага кіраўніцтва. Я спадзяюся, на наступным тыдні ён, магчыма, пабачыць свет", — сказаў Сямашка. Змест пратакола ён не канкрэтызаваў, адзначыўшы толькі, што гэта ўжо "дваццаты варыянт".

24 лютага міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык паведаміў журналістам, што рашэнні па расійскім газе прыняты і будуць узгоднены на палітычным узроўні. Паводле яго слоў, прынцыпова важна выканаць усе нормы, закладзеныя ў падпісаным дагаворы аб ЕАЭС. У першую чаргу гаворка ідзе аб стварэнні роўных умоў для суб`ектаў гаспадарання ўсіх удзельнікаў саюза, растлумачыў міністр.

"У сувязі з гэтым, каб да 1 ліпеня 2019 года стварыць агульны рынак электраэнергіі, а да 1 студзені 2025 года — агульны рынак газу, мы павінны максімальна зблізіць цэны на газ, чым мы сёння і займаемся. Усё, што зроблена ў гэтай частцы, даведзена да грамадскасці віцэ-прэм`ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам і віцэ-прэм`ерам Расіі Аркадзем Дварковічам. Усе далейшыя захады залежаць ад палітычных рашэнняў, якія будуць прымацца на вышэйшым узроўні", — заявіў Патупчык.

Перамовы паміж Масквой і Мінскам аб умовах урэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжацца з пачатку 2016 года. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расійскага газу ў доларавым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расійскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб`ёме кошту газу, расійскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну. Паводле дзейных пагадненняў Расія павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак па выніках года імпарт нафты скараціўся на 20,8%.

Паводле ацэнкі шэрагу экспертаў, у газавай спрэчцы ў Беларусі слабая перамоўная пазіцыя, у той час як Расія практычна не нясе шкоды ад гэтага канфлікту. "Расійская эканоміка ніяк не церпіць з-за таго, што пастаўкі нафты ў Беларусь прыйшлося скараціць. Масква можа прадаць гэтую сыравіну іншым спажыўцам. Скарачэнне паставак беларускіх прадуктаў харчавання для Расіі таксама некрытычнае. Беларусь знаходзіцца ў хісткім становішчы, і з эканамічнага пункту гледжання Маскве няма сэнсу ісці на хуткія ўступкі Мінску", — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера "Альпары" Вадзім Іосуб.

Паводле яго прагнозаў, кампрамісы ў перамовах з Расіяй могуць быць знойдзены толькі ў тым выпадку, калі і Мінск пагодзіцца ісці на істотныя саступкі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239