Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/01/891041_548960/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:16
01.03.2017 11:53 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоў па Украіне

Мінск, 1 сакавіка. У Мінску 1 сакавіка праходзіць чарговы раўнд перамоў аб урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Пачаліся пасяджэнні падгруп па бяспецы, палітычных і гуманітарных пытаннях трохбаковай кантактнай групы, паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі.

Перамовы ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме. У другой палове дня тут адбудзецца пасяджэнне самой кантактнай групы.

Папярэднія перамовы па Украіне ў Мінску адбыліся 15 лютага. Паводле іх вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў журналістам, што бакі канфлікту на Данбасе дамовіліся аб адводзе ўсіх забароненых мінскімі дагаворамі ўзбраенняў да 20 лютага.

Выхад дыпламата да прэсы быў адзначаны інцыдэнтам з удзелам прадстаўнікоў незарэгістраванай нацыяналістычнай партыі "Іншая Расія" (былая нелегальная Нацыянал-бальшавіцкая партыя). Два хлопцы і дзве дзяўчыны, якія прайшлі ў памяшканне для брыфінгу і выдавалі сябе за журналістаў, пачалі выкрыкваць лозунгі "Рукі прэч ад Данбаса!", "Парашэнка — забойца рускага народа!" і "Данбас — у склад Расіі!". Маладыя людзі раскідалі ўлёткі з заявай, у якой сцвярджалася, што перамовы ў Мінску нічога не вырашаюць.

Праваахоўнікамі быў затрыманы толькі адзін з іх. 16 лютага суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў актывіста Цімафея Ермакова вінаватым на падставе арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), прызначыўшы пяць сутак арышту. 21 лютага Ермакоў быў дэпартаваны ў Расію, яму забаронены ўезд у Беларусь на пяць гадоў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН