Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/09/892220_892221/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:16
09.03.2017 14:38 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пагражае вярнуць у турму арганізатараў вулічных акцый пратэсту

Мінск, 9 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу жорстка рэагаваць на дзеянні арганізатараў вулічных акцый супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".
На нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны 9 сакавіка, фрагменты якой паказаў тэлеканал ОНТ, кіраўнік дзяржавы паведаміў, што прыняў рашэнне прыпыніць на год спагнанне збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў згодна з дэкрэтам № 3 не таму, што "паўтары тысячы ці трыста чалавек недзе на плошчы аціраліся". А таму што самі ўлады "не арганізавалі нармальнае выкананне гэтага дэкрэта". "Мы вінаватыя ў гэтым", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Ігар Анатольевіч, у краіне павінен быць наведзены ідэальны парадак, вы разумееце, пра што я кажу, — звярнуўся ён да Шуневіча. — На плошчу чалавеку нельга забараніць хадзіць. Падключыцеся да гэтай працы, паколькі гэтая праца праваленая ў Мінску, у гарадах абласных гэта асабліва важна, у буйных гарадах. Вызначце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі павінны прыйсці і выказаць сваё меркаванне, там будуць начальнікі вертыкалі ўлады. Але ніякай перашкоды нармальна жыць працаўнікам, скажам так, быць не павінна".

"Людзям для выказвання сваіх меркаванняў павінна быць адведзена месца, як у развітых краінах Заходняй Еўропы, — Гайд-парк і іншае... Няхай людзі туды прыходзяць і выказваюць сваё меркаванне. І калі яны паклікалі туды начальніка, значыць, ён павінен там быць. І не дай бог гэтага начальніка хтосьці там пакрыўдзіць — міліцыя павінна зафіксаваць такую абразу і прыняць самыя жорсткія меры", — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, улада павінна навучыцца весці дыялог з людзьмі, якія ідуць на актыўны пратэст, але ў той жа час неабходна "вельмі строгая адказнасць за парушэнні". Гаворка ідзе не пра шараговых удзельнікаў дэманстрацый, якія "хочуць звярнуць на сябе ўвагу, трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю", а пра "правакатараў, якія павінны адказваць па ўсёй строгасці закона", падкрэсліў Лукашэнка.

"Нашы "майданутыя" паехалі ў Кіеў шукаць "майданутых" арганізатараў у Кіеве. Вы ж разумееце, што вось гэтыя людзі (шараговыя ўдзельнікі акцый пратэсту. — БелаПАН.) будуць гарматным мясам, масоўкай, яны ж не з палітычнымі лозунгамі туды ідуць. А 300—400 чалавек на чале з нашымі "адмарозкамі", якія ў Кіеў ездзілі, яны будуць правакаваць. Яны знойдуць 10—20 прафесіяналаў, не мне вам тлумачыць, якія ў Кіеве адкрылі стральбу. А калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. Таму працаваць трэба на папярэджанне, я кажу гэта публічна. І ўсе тыя, якіх мы выпусцілі з засценкаў за мінулыя дзеянні, калі яны не зразумелі, іх трэба вярнуць назад... Майдана ў Беларусі не будзе", — заявіў Лукашэнка.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239