Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/11/892639_258963/
Дата раздрукоўкі: 22.09.2018 15:48
11.03.2017 16:12 Палітыка, Грамадства

Лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі арыштавалі на 15 сутак

Мінск, 11 сакавіка. Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі асуджаныя на 15 сутак арышту кожны за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэта аб "дармаедстве", якая прайшла 10 сакавіка ў Маладзечне. Такое рашэнне вынес 11 сакавіка суд Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць).
У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і рух "За Свабоду".

Такім чынам, з-за арышту лідары кааліцыі прапусцяць усе акцыі пратэсту супраць дэкрэта аб "дармаедстве", запланаваныя ў сакавіку. У прыватнасці іх не будзе 15 сакавіка на "Маршы недармаедаў" у Мінску, правядзенне якога санкцыянаванае Мінгарвыканкамам. Старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, лідар АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі выйдуць на волю толькі прыблізна ў 19.30 у Дзень Волі, 25 сакавіка.

Лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі затрымалі з ужываннем сілы ў пятніцу вечарам неўзабаве пасля "Маршу недармаедаў" у Маладзечне, у якім, паводле розных ацэнак, узяло ўдзел ад 500 да 750 чалавек. Згодна з наяўнымі на гэты момант звесткамі, усяго ў пятніцу пасля маршу ў райцэнтры было затрымана 15 чалавек. Ноч яны правялі ў міліцыі, а ў суботу іх судзілі.

Вядома, што актывістка БХД Вольга Кавалькова прыгавораная да сямі сутак арышту, Аляксандр Панамароў — да 10 сутак арышту, суд аштрафаваў на 50 базавых велічынь актывістаў Дзяніса Красачку і Алеся Абрамовіча.

У сувязі з арыштам лідары правацэнтрысцкай кааліцыі не змаглі ўзяць удзел у суботняй акцыі пратэсту супраць дэкрэта аб "дармаедстве" ў Пінску (Брэсцкая вобласць), дзе на цэнтральнай плошчы сабраліся прыблізна 400 чалавек. Людзі прыйшлі сюды ў 12.00 і з абурэннем абмяркоўвалі дзеянне дэкрэта № 3, перыядычна скандуючы: "Нет декрету № 3! Лукашенко, уходи!" Акцыя завяршылася без інцыдэнтаў.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступіў 11 сакавіка з заявай, у якой заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед грамадзян краіны за рэалізацыю імі права на мірны пратэст і выказванне свайго меркавання.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ўсе нядаўнія пратэсты ў Беларусі мелі выключна мірны характар і не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва. Адказам уладаў на вулічныя акцыі стала ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў.

"Упершыню са жніўня 2015 года намі былі зафіксаваныя факты адвольных затрыманняў грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў апазіцыі ў мэтах недапушчэння іх удзелу ў акцыях пратэсту, вобшукі ў прыватных памяшканнях і офісах апазіцыйных сілаў і незалежных няўрадавых арганізацыяў. Адміністратыўным арыштам тэрмінам ад трох да пяці сутак за ўдзел у мірных акцыяй пратэсту былі падвергнутыя больш за 10 чалавек. Гэтая лічба рэпрэсаваных грамадзянскіх і палітычных актывістаў павялічваецца літаральна кожны дзень", — адзначаюць праваабаронцы.

9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу жорстка рэагаваць на дзеянні арганізатараў вулічных акцый супраць дэкрэта № 3.

Ён заклікаў чыноўнікаў навучыцца весці дыялог з людзьмі, якія ідуць на актыўны пратэст, але пры гэтым заявіў пра неабходнасць "самай жорсткай адказнасці за парушэнні". Гаворка ідзе не пра радавых удзельнікаў дэманстрацый, якія "хочуць звярнуць на сябе ўвагу, трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю", а пра "правакатараў, якія павінны адказваць па ўсёй строгасці закону", падкрэсліў Лукашэнка.

"Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупаць гэтых правакатараў", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Працаваць трэба на папярэджанне, я кажу гэта публічна. І ўсе тыя, якіх мы выпусцілі з засценкаў за мінулыя дзеянні, калі яны не зразумелі, іх трэба вярнуць назад... Майдана ў Беларусі не будзе", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН