Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/13/eu_eu_893030_893031/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 21:23
13.03.2017 20:14 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Прадстаўнік МЗС Германіі: У Беларусі не павінна быць адкату назад у плане дэмакратыі і правоў чалавека

Мінск, 13 сакавіка. "Мы не хочам вяртання да часоў санкцый, але з боку як Еўрасаюза, так і Германіі існуе абсалютна выразнае чаканне, што менавіта цяпер, у важнай фазе нашых адносін, у Беларусі не павінна быць адкату назад у плане дэмакратыі і правоў чалавека", — заявіў дзяржаўны міністр МЗС ФРГ па справах Еўропы Міхаэль Рот у інтэрв'ю БелаПАН і Беларускаму радыё.
Рот знаходзіцца ў Мінску 13—14 сакавіка з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.

Міністр падкрэсліў, што перадумовай для зняцця санкцый у лютым 2016 года было "дасягненне пэўнага прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека, незалежнай юстыцыі і СМІ, у першую чаргу свабоды думкі".

"Таму мы вельмі моцна заклапочаныя тымі падзеямі, якія адбываюцца цяпер, — сказаў Рот. — Мы чакаем, што ў краіне будзе такая сітуацыя, каб грамадзяне маглі свабодна і без страху выказваць сваю думку. Мы таксама чакаем неадкладнага вызвалення арыштаваных".

Рот адзначыў, што ў Германіі станоўча ўспрынялі прыняцце Беларуссю восенню мінулага года Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016—2019 гады. "На паперы было дасягнута многае. Цяпер гэта трэба ажыццявіць у інтарэсах усяго беларускага народа", — сказаў дыпламат.

Ён адзначыў, што Беларусі "неабходна працягваць развіваць і актывізаваць дэмакратыю і прынцыпы прававой дзяржавы". "Больш дэмакратыі стабілізуе грамадства. Стабільная сітуацыя ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека — карысць для эканомікі, людзі гатовыя інвеставаць у гэтую краіну, ствараць у ёй працоўныя месцы", — падкрэсліў Рот.

З сярэдзіны лютага ў Беларусі праходзяць акцыі супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" і падзення ўзроўню жыцця ў цэлым. З санкцыі Аляксандра Лукашэнкі актывісты пераследуюцца ў судовым парадку.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН