Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/16/893684/spring96.org/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 19:14
16.03.2017 13:19 Грамадства, Палітыка

Яшчэ двум удзельнікам "Маршу недармаедаў" прызначанае пакаранне ў выглядзе арышту

Мінск, 16 сакавіка. У судзе Першамайскага раёна Мінска вынесеныя яшчэ два прысуды ўдзельнікам акцыі пратэсту 15 сакавіка, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Святлана Серавокая, якую судзілі па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы), віну не прызнала, заявіла хадайніцтва аб удзеле ў судзе абаронцы. Пасля аб`яўленага ў судзе перапынку на 15 хвілін дзяўчыну асудзілі на 14 сутак арышту.

Другі затрыманы Арсеній Канаплёў заявіў хадайніцтва аб выкліку сведкі, якога затрымалі разам з ім. Канаплёў распавёў, што выйшаў з метро, яго адразу затрымалі і даставілі ў міліцэйскі пакой у метро, каб праверыць дакументы. Затым адвезлі ў РУУС. Затрымлівалі хлопца супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы. Арсенія Канаплёва асудзілі на 13 сутак арышту.

У суд Першамайскага раёна сёння даставілі 11 чалавек, затрыманых напярэдадні. Вядома, што тут будзе слухацца таксама справа Марыны Дубінай. У суд Цэнтральнага раёна Мінска дастаўленыя 24 чалавекі, у суд Савецкага раёна — 14.

У Мінску, Гродне і Магілёве 15 сакавіка прайшлі чарговыя вулічныя акцыі супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". У іх узялі ўдзел у агульнай складанасці больш за чатыры тысячы чалавек.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, па ўсёй Беларусі было затрымана больш за 50 чалавек. Некаторых адпусцілі праз некалькі гадзін, але ў дачыненні да большасці склалі пратаколы правапарушэнняў. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі без апазнавальных знакаў актыўна ўжывалі грубую фізічную сілу і нават слезацечны газ, паведамляюць праваабаронцы.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239