Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/21/894580_478569/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 21:23
21.03.2017 21:36 Грамадства

Распаўсюджвальнік беларускамоўных кніг Алесь Яўдаха затрыманы невядомымі пасля цырымоніі ўручэння прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра "Дэбют"

Мінск, 21 сакавіка. Распаўсюджвальнік беларускамоўных кніг Алесь Яўдаха затрыманы невядомымі пасля цырымоніі ўручэння прэмій "Дэбют" Беларускага ПЭН-цэнтра, якая прайшла ўвечары 21 сакавіка ў выставачнай прасторы "ЦЭХ" на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску.

"Невядомыя асобы ў цывільным паклалі на зямлю, засунулі ў аўтобус Алеся Яўдаху і павезлі ў невядомым кірунку", — паведаміла ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук", мяркуючы па ўсім, відавочца захопу Вера Сцебурака.

У ліпені 2012 года Яўдаха быў прыгавораны да года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову паводле абвінавачання ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Яўдаха як заснавальнік інтэрнэт-рэсурсу "Кнігі — поштай" адпраўляў па пошце ў розныя гарады краіны кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і інш. Крымінальную справу ў дачыненні да Яўдахі распачаў у маі 2010 года дэпартамент фінансавых расследаванняў камітэта дзяржкантролю. Следчыя выклікалі кліентаў сэрвісу "Кнігі — поштай" і распытвалі, навошта яны пералічвалі грошы распаўсюджвальніку кніг. Сам Яўдаха лічыў, што ў лютым 2010 года супрацоўнікі Міністэрства па падатках і зборах правялі ў яго кантрольны закуп — замовілі некалькі дзясяткаў кнігі "Маладафронтаўцы". Пасля гэтага ў службы "Кнігі — поштай" і пачаліся праблемы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН