Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/31/896806_12345/
Дата раздрукоўкі: 30.07.2021 01:19
31.03.2017 20:19 Палітыка, Грамадства

На аператара "Белсата" Аляксандра Любенчука склалі пратакол, але ўсё-такі адпусцілі з міліцыі

Мінск, 31 сакавіка. На затрыманага 31 сакавіка ў Мінску аператара польскага тэлеканала "Белсат" Аляксандра Любенчука склалі пратакол, але ўсё-такі адпусцілі з міліцыі, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Акрамя таго, пра вызваленне паведаміў і сам Любянчук на сваё старонцы ў "Фэйсбуку".

Любянчук быў затрыманы раніцай падчас вобшуку ў офісе тэлеканала на вуліцы Кастрычніцкая ў Мінску і дастаўлены ў УУС Першамайскага раёна.

У міліцыі журналіста пратрымалі больш за пяць гадзін. У РУУС на яго склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Паводле звестак міліцыі, Любянчук брудна лаяўся непасрэдна ў аддзяленні міліцыі.

Затрыманага аператара ўжо збіраліся везці ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, але ў 19 гадзін нечакана адпусцілі з міліцыі.

Пакуль невядома, калі адбудзецца суд над журналістам — яму пра гэта не паведамілі, адзначае прэс-служба БАЖ.

31 сакавіка ў двух мінскіх офісах "Белсата" міліцыя з санкцыі пракуратуры правяла вобшукі, сярод іншага былі канфіскаваныя чатыры стацыянарныя камп'ютары, сем ці восем манітораў, а таксама пяць ноўтбукаў. Аляксандра Любенчука, які знаходзіўся ў адным з офісаў на момант вобшуку, пасля павезлі ў Першамайскае РУУС.

Як паведаміла ГУУС Мінгарвыканкама, "у пачатку сакавіка 2017 года ў Першамайскае РУУС г. Мінска паступіла заява ад праваўладальніка таварнага знака BELSAT (зарэгістраваны грамадзянінам Рэспублікі Беларусь у 2001 годзе) аб сістэматычным парушэнні яго выключных правоў на аб'ект інтэлектуальнай уласнасці".

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм "Белсата" Аляксей Дзікавіцкі, які знаходзіцца ў Варшаве, паведаміў БелаПАН, што рэдакцыя тэлеканала мае намер звярнуцца да ўладаў Польшчы з просьбай паспрыяць вырашэнню сітуацыі з вобшукамі ў мінскіх офісах. "Мы цяпер гэтым займаемся. Мы будзем прыкладаць намаганні, каб польскія ўлады афіцыйна за нас заступіліся", — сказаў ён. Паводле слоў Дзікавіцкага, названая ГУУС афіцыйная прычына правядзення вобшукаў выкарыстаная ўладамі "выключна для прыкрыцця". Сапраўдная прычына ў тым, што "Белсат" "вельмі дэталёва асвятляў пратэсты ў Беларусі", дадаў кіраўнік інфармацыйнай рэдакцыі тэлеканала.

Паводле інфармацыі "Радыё Польшча", МЗС Польшчы звярнулася да беларускіх калег з просьбай неадкладна прадставіць тлумачэнні ў сувязі з вобшукамі ў офісах "Белсата". Як заявіў кіраўнік прэс-бюро МЗС Польшчы Якуб Ваўжыняк, ведамства ўвесь час сочыць за абнаўленнем інфармацыі і застаецца на сувязі як з мясцовымі дыпламатычнымі службамі, так і з кіраўнікамі офісаў тэлеканала "Белсат" у Мінску.

У пасольстве Польшчы ў Мінску БелаПАН сітуацыю каментаваць не сталі.

Варта зазначыць, што цяпер 15-сутачны адміністрацыйны арышт адбывае аператар "Белсата" Аляксандр Баразенка. Ён быў затрыманы 25 сакавіка ў цэнтры сталіцы падчас разгону АМАПам акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. Пасля яго абвінавацілі ў тым, што нібыта ён нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. Баразенка віны не прызнаў і ў знак пратэсту абвясціў галадоўку.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239