Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/03/31/896809_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.07.2021 23:43
31.03.2017 20:34 Палітыка, Эканоміка

Прэс-служба Лукашэнкі пацвердзіла яго візіт у Расію і сустрэчу з Пуціным у Санкт-Пецярбургу

Мінск, 31 сакавіка. Прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы вечарам 31 сакавіка паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка зробіць рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю, дзе ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца яго сустрэча з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў развіцця двухбаковых беларуска-расійскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, праблематыку ў гэтых сферах, а таксама ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага кіраўніка.

"Актуальныя пытанні расійска-беларускіх саюзніцкіх адносін напярэдадні сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам" абмяркоўваліся 31 сакавіка на нарадзе, якую Уладзімір Пуцін правёў з членамі Савета бяспекі РФ, паведаміла прэс-служба Крамля.

Напярэдадні, 30 сакавіка, у падмаскоўных Горках прайшлі перамовы прэм'ер-міністраў Беларусі Андрэя Кабякова і Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Пасля сустрэчы міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што Расія і Беларусь не змаглі дамовіцца пра ўрэгуляванне газавай спрэчкі, бо беларускі бок не гатовы пагасіць доўг за газ, які складае 700 млн долараў, без новых прэферэнцый.

У адказ на гэта прэс-сакратар Кабякова Уладзіслаў Сычэвіч 31 сакавіка заявіў, што беларускі бок лічыць такую пазіцыю неканструктыўнай. "Што тычыцца заяваў кіраўніка Мінэнерга Аляксандра Новака пра негатоўнасць Беларусі пагасіць так званы доўг перад Расіяй за газ, то беларускі бок не разглядае гэтыя сродкі ў якасці доўгу", — падкрэсліў Сычэвіч.

Перамовы паміж Масквой і Мінскам аб умовах ўрэгулявання нафтагазавага спрэчкі доўжацца каля года. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расійскага газу ў доларавым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расійскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб'ёме кошту газу, расійскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну. Паводле дзейных пагадненняў, Расія павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак па яго выніках імпарт нафты скараціўся на 20,8%. 3 сакавіка стала вядома, што "Газпром" павысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% да 141,1 долара за тысячу кубаметраў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239