Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/01/896797_896798/
Дата раздрукоўкі: 24.08.2019 18:37
01.04.2017 13:05 Эканоміка, Фінансы

Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за люты вырасла амаль на 314 млн долараў

Мінск, 1 красавіка. Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі Беларусі за студзень—люты 2017 года склала 698,7 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

За студзень—люты 2016 года сальда таксама было адмоўным — 447,2 млн долараў. Паводле ўдакладненых дадзеных, адмоўнае сальда ў студзені склала 384,8 млн. Такім чынам, за люты яно павялічылася на 313,9 млн.

Знешнегандлёвы абарот краіны за два месяцы гэтага года склаў 8 млрд 260,5 млн долараў, да ўзроўню студзеня—лютага 2016 года ён вырас на 22,3% у бягучых цэнах. Экспарт тавараў склаў 3 млрд 780,9 млн (+19,9%), імпарт — 4 млрд 479,5 млн долараў (+24,4%).

Знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС за студзень—люты 2017 года склаў 4 млрд 503,3 млн долараў, што на 35,6% больш, чым за студзень—люты 2016 года. Экспарт вырас на 41,7% да 1 млрд 807,9 млн, імпарт — на 31,7% да 2 млрд 695,4 млн. У гандлі з краінамі ЕАЭС сальда было адмоўным у 887,5 млн долараў (у студзені—лютым 2016 года — мінус 769,9 млн).

Узаемны тавараабарот з Расіяй, паводле дадзеных Белстата, за два месяцы 2017 года склаў 4 млрд 413,1 млн долараў, павелічэнне да ўзроўню студзеня—лютага 2016 года — 35,1%, у тым ліку экспарт — 1 млрд 737,4 млн (на 41,7% больш), імпарт — 2 млрд 675,7 млн (на 31,1% больш). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй склала 938,3 млн долараў (у студзені—лютым 2016 года — мінус 814,6 млн).

Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўрасаюза за студзень—люты 2017 года склаў 1 млрд 773,8 млн долараў, павялічыўшыся да ўзроўню студзеня—лютага 2016 года на 0,4%. Экспарт тавараў склаўся ў суме 1 млрд 8 млн долараў, скараціўшыся на 6,6%, імпарт — 765,8 млн (на 11,5% больш). Сальда ў гандлі з краінамі ЕС было станоўчым і склала 242,2 млн долараў супраць 292,2 млн у студзені—лютым 2016 года.

У краіны па-за СНД аб'ём экспарту ў студзені—лютым вырас на 0,6% і склаў 1 млрд 480,9 млн долараў, імпарту — вырас на 15,4% да 1 млрд 619,9 млн долараў. У цэлым тавараабарот вырас на 7,8% да 3 млрд 100,8 млн, а сальда было адмоўным — 139 млн супраць станоўчага ў 68,5 млн у студзені—лютым мінулага года.

Дысбаланс у знешнім гандлі таварамі Беларусі захаваецца і ў гэтым годзе. Такое меркаванне раней выказаў БелаПАН загадчык кафедры інавацыйнай эканомікі міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч. На яго думку, рост тавараабароту ў першую чаргу звязаны з тым, што ў мінулым годзе ён значна зніжаўся. "Я не думаю, што сёлета дысбалансы ў знешнім гандлі знікнуць і сітуацыя радыкальна зменіцца. Таму што знешні гандаль досыць інертны і хутка памяняць штосьці складана. Відавочна, па-ранейшаму застануцца праблемы і з так званай далёкай дугой. Гэта ў першую чаргу звязана з інертнасцю саміх прадпрыемстваў, якія не хочуць ці не могуць выходзіць на новыя рынкі. Усё гэта звязана з вялікімі выдаткамі на асваенне рынкаў, а грошай у бюджэтах кампаній мала. Такая сітуацыя будзе захоўвацца", — лічыць загадчык кафедры.

На яго думку, Расія застанецца асноўным знешнегандлёвым партнёрам, ад якога ў цэлым і будзе залежаць валютная выручка. "Можа быць, будуць нейкія зрухі з Украінай, з Казахстанам. Што тычыцца Арменіі і Кыргызстана, то для нас там такія ж праблемы, як і з далёкай дугой, — вялікія транспартныя выдаткі, збытавыя праблемы ў плане гандлёвых і сэрвісных сетак", — адзначыў Ярашэвіч.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН