Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/01/896847_896848/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2019 13:24
01.04.2017 13:12 Эканоміка, Грамадства

У Беларусі зноў падаражэла аўтамабільнае паліва

Мінск, 1 красавіка. Цана аўтамабільнага паліва 1 красавіка ў Беларусі павысілася на адну капейку. Пра гэта сведчыць прэйскурант цэн на АЗС. У прыватнасці, новыя цэны ўстаноўлены найбуйнейшым аператарам — кампаніяй "Беларуснафта", якая ўваходзіць у склад дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім".

Рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва цяпер складаюць: АІ-92-К5 — 1,14 рубля за літр, АІ-95-К5 — 1,22 рубля, ДТ-К5 — 1,26 рубля.

Цэны на нафтапрадукты ў Беларусі рэгулюе дзяржава. У сакавіку 2017 года (11 сакавіка і 18 сакавіка) кошт аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку быў павышаны двойчы (на адну капейку). Да гэтага цэны на паліва ў Беларусі не мяняліся каля двух гадоў.

"Павышэнне цэн на нафтапрадукты жыццёва неабходнае для НПЗ. Варта разумець, што рэзкага росту не адбудзецца, змяненне цэн будзе паэтапным і паступовым", — пракаментаваў сакавіцкае павышэнне цэн "Белнафтахім".

Паводле звестак канцэрна, за апошні час кан'юнктура нафтавага рынку значна пагоршылася, паколькі скараціліся суадносіны каціровак нафты і экспартнага кошыка нафтапрадуктаў, што адмоўна ўплывае на эфектыўнасць нафтаперапрацоўкі.

Акрамя таго, канстатаваў "Белнафтахім", у Расіі з 2015 года ў нафтавай сферы рэалізуецца "падатковы манеўр", які набліжае цану на нафту для Беларусі да сусветнай. Са студзеня 2015 па сакавік 2017 года цана нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў вырасла на 75%.

"Па ўсіх эканамічных законах, павелічэнне кошту сыравіны непазбежна прыводзіць да павелічэння кошту гатовага прадукту. У той жа час у Беларусі цэны на аўтамабільнае паліва не мяняліся больш за два гады. За гэты перыяд у выніку дэвальвацыі беларускага рубля цэны на нафтапрадукты ў доларавым эквіваленце знізіліся на 25%", — растлумачыў сакавіцкае павышэнне цэн на паліва "Белнафтахім".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН