Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/03/897097_897098/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:04
03.04.2017 17:15 Грамадства

Суд прыме рашэнне аб прымяненні да падазраванай у забойстве ігуменні жаночага манастыра прымусовых мер бяспекі і лячэння

Мінск, 3 красавіка. У цэнтральным апараце Следчага камітэта Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы па факце забойства ігуменні Cвята-Ксеніеўскага жаночага манастыра (Барысаўскі раён) ігуменні Васілісы.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, 5 студзеня каля 21 гадзіны 29-гадовая прыхаджанка, якой далі прытулак у манастыры, знаходзячыся на кухні прыходу, нанесла ігуменні больш за 10 нажавых раненняў. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў ігумення Васіліса памерла на месцы здарэння.

Па крымінальнай справе былі дапытаныя некалькі дзясяткаў паслушніц манастыра. Многія расказалі, што ў падазраванай напярэдадні інцыдэнту адзначаліся прыкметы псіхічнага расстройства.

Для высвятлення ўсіх акалічнасцяў здарэння, а таксама матываў, якія падштурхнулі да ўчынення забойства, у дачыненні да жанчыны праводзілася комплексная стацыянарная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. Паводле заключэння эксперта, у момант злачынства яна не магла ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

На падставе атрыманых у ходзе расследавання доказаў следствам крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд з мэтай прыняцця рашэння аб прымяненні да падазраванай прымусовых мер бяспекі і лячэння.

Як паведамлялася раней, падазраваная — грамадзянка Казахстана.

Ігумення Васіліса (Мядзведзь) нарадзілася 10 сакавіка 1949 года ў горадзе Сосніца Чарнігаўскай вобласці Украіны. Скончыла гістарычны факультэт Чарнігаўскага педагагічнага інстытута. Выкладала ў школе. Была прыхаджанкай Пятра-Паўлаўскага сабора ў Мінску, затым пасля ўтварэння Елізавецінскага сястрыцтва пры саборы стала сястрой міласэрнасці. У 2001 годзе служыла паслушніца Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад Мінскам, потым прыняла пострыг. З 2004 года па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, — ігумення Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН