Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/03/897111_897112/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 12:24
03.04.2017 16:48 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка — Пуціну: Спакойна нам жыць ніхто не дасць

Мінск, 3 красавіка. Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі 3 красавіка ў Стрэльні пад Санкт-Пецярбургам пачалася з абмеркавання выбуху ў пецярбургскім метро.
Выбух прагрымеў каля 14.40 паміж станцыямі "Сенная плошча" і "Тэхналагічны інстытут". На гэты момант вядома пра 10 загінулых і прыкладна 50 пацярпелых. Аддзяленне пасольства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу высвятляе, ці ёсць сярод пацярпелых беларускія грамадзяне.

Генпракуратура РФ афіцыйна назвала выбух у метро тэрактам.

У пачатку перамоваў Лукашэнка выказаў Пуціну свае спачуванні. Ён адзначыў, што бяспека стане адной з галоўных тэм сённяшняй сустрэчы. "Мы будзем казаць пра тое, як у гэтым свеце нам жыць далей, як абараніць інтарэсы сваіх людзей", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Спакойна нам жыць ніхто не дасць, на жаль, таму трэба быць гатовымі да ўсяго. Выклікаў ў свеце вялікая колькасць. Мы не ў ізаляваным свеце жывем. Мы гэта з вамі разумеем", — сказаў Лукашэнка.

"А тое, што праблемы ў адносінах, — яны будуць заўсёды, — дадаў ён. — Але, ведаеце, на фоне такіх падзей гэтыя праблемы проста цьмянеюць. Мы такія праблемы здольныя вырашаць хутка і эфектыўна. Дай бог, каб было ціха, спакойна і каб мы маглі гарантаваць бяспеку нашых народаў".

Пуцін са свайго боку нагадаў, што сёлета Беларусь і Расія адзначаць 25-годдзе з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін. "У нас ёсць сёння магчымасць пагаварыць пра тое, што зроблена за ўсе гэтыя гады ў плане пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, што трэба будзе зрабіць, дзе ў нас пакуль ёсць нявырашаныя пытанні, нейкія праблемы", — сказаў ён.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239