Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/03/897165_589647/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:25
03.04.2017 21:36 Палітыка, Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка: Расія рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі

Мінск, 3 красавіка. Расія сёлета рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка паводле вынікаў сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу 3 красавіка.

Лукашэнка падзякаваў Пуціну за тое, што "пайшлі нам насустрач у плане рэфінансавання запазычанасцяў сёлета перад Расійскай Федэрацыяй". "Прэзідэнт (Пуцін) паабяцаў, што сёння-заўтра ён аддасць адпаведнае распараджэнне па гэтым пытанні", — заявіў Лукашэнка падчас брыфінгу, відэатрансляцыя якога вялася ў інтэрнэце.

"Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што на сённяшні дзень у нас не засталося нявырашаных пытанняў. Больш за тое, мы змаглі зазірнуць у будучыню функцыянавання нашых эканомік. Мы вырашылі гэтыя пытанні. Думаю, што на працягу 10 дзён, як сказаў прэзідэнт Расіі, нашы ўрады гэта усе фармалізуюць і ўвядуць нашы эканомікі ў нармальны рытм працы", — адзначыў Лукашэнка.

Як паведамлялася, 30 сакавіка ў падмаскоўных Горках прайшлі перамовы прэм'ер-міністраў Беларусі Андрэя Кабякова і Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Пасля сустрэчы міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што Расія і Беларусь не здолелі дамовіцца пра ўрэгуляванне газавай спрэчкі, таму што беларускі бок не гатовы пагасіць доўг за газ, які складае 700 млн долараў, без новых прэферэнцый.

У адказ прэс-сакратар Кабякова Уладзіслаў Сычэвіч 31 сакавіка сказаў, што беларускі бок лічыць такую пазіцыю неканструктыўнай. "Што да заяў кіраўніка Мінэнерга Аляксандра Новака пра негатоўнасць Беларусі пагасіць так званы доўг перад Расіяй за газ, то беларускі бок не разглядае гэтыя сродкі ў якасці доўгу", — падкрэсліў Сычэвіч.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН