Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/03/897171_556698/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:40
03.04.2017 22:15 Палітыка, Эканоміка, Фінансы

Дварковіч: Беларусь верне больш за 720 млн долараў за газ, Расія адновіць пастаўкі нафты

Мінск, 3 красавіка. Беларусь верне недаплачаную суму за газ, а Расія адновіць пастаўкі нафты ў ранейшым аб'ёме, паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч паводле вынікаў перамоў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія адбыліся 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу.

"Будуць скарэктаваныя некаторыя міжурадавыя дакументы, якія тычацца ўзаемаадносін у сферы газу і нафты. Пасля іх парафіявання беларускі бок верне недаплачаную суму "Газпрому", гэта значыць "Беларусьтрансгазe" — "дачцэ" "Газпрома", і мы адновім пастаўкі нафты ў аб'ёме 24 млн тон", — цытуе Дварковіча агенцтва ТАСС.

"Аднаўленне паставак нафты пачнецца ўжо больш-менш сінхронна з выплатай недаплачанай сумы ў 726 млн долараў, больш за 720 млн, давайце так. Гэта дазволіць нашым беларускім партнёрам атрымаць пэўныя выгады", — сказаў Дварковіч.

Ён дадаў, што "Газпром" дасць беларускаму боку скідкі з паніжальным каэфіцыентам да формулы разліку цаны за перыяд з 2018 па 2019 гады. Адносіны краін пасля гэтага перыяду, паводле слоў Дварковіча, будуць залежаць ад далейшых перамоваў.

Віцэ-прэм'ер таксама заявіў, што пастаўкі нафты могуць пачацца ўжо ў красавіку. "Пастаўкі нафты пачнуцца ў максімальна кароткія тэрміны, магчыма, гэта ўжо і ў красавіку адбудзецца, у залежнасці ад тэхнічных магчымасцяў кампаній памяняць графікі паставак", — сказаў Дварковіч.

Як паведамляў БелаПАН, Пуцін паводле вынікаў перамоў з Лукашэнкам заявіў, што Расія і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытанні ў нафтагазавай сферы. "Мы знайшлі схему, пры якой захоўваем нашы падыходы, збліжаем нашы пазіцыі па цэнах. Знайшлі магчымасць узаемных саступак. Дамовіліся аб тым, як будзем працаваць у гэтай сферы не толькі ў 2017-м, але і ў 2018, 2019 гадах", — адзначыў Пуцін.

Лукашэнка падзякаваў Пуціну за тое, што "пайшлі нам насустрач у плане рэфінансавання запазычанасцяў сёлета перад Расійскай Федэрацыяй". "Прэзідэнт (Пуцін) паабяцаў, што сёння-заўтра ён аддасць адпаведнае распараджэнне па гэтым пытанні", — заявіў Лукашэнка падчас брыфінгу, відэатрансляцыя якога вялася ў інтэрнэце.

"Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што на сённяшні дзень у нас не засталося нявырашаных пытанняў. Больш за тое, мы змаглі зазірнуць у будучыню функцыянавання нашых эканомік. Мы вырашылі гэтыя пытанні. Думаю, што на працягу 10 дзён, як сказаў прэзідэнт Расіі, нашы ўрады гэта ўсе фармалізуюць і ўвядуць нашы эканомікі ў нармальны рытм працы", — адзначыў Лукашэнка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН