Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/04/897191_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 17:39
04.04.2017 10:44 Грамадства

Намеснік кіраўніка МЗС узяў удзел у абмеркаванні ў ААН праблем Чарнобыля

Мінск, 4 красавіка. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў 3 красавіка ў штаб-кватэры Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Нью-Ёрку ўзяў удзел у пасяджэнні міжустаноўнай групы ААН па праблемах Чарнобыля.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, мэта арганізаванага ПРААН па ініцыятыве Беларусі мерапрыемства — пачаць ажыццяўленне рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН "Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы", якая была падрыхтаваная дэлегацыяй Беларусі і прынятая ў снежні 2016 года.

"Удзельнікі пасяджэння разгледзелі асноўныя дасягненні міжнароднага чарнобыльскага ўзаемадзеяння ў межах ААН за апошні год і абмеркавалі прапановы па арганізацыі шматбаковага ўзаемадзеяння ў гэтай галіне ў адпаведнасці з новай чарнобыльскай рэзалюцыяй", — зазначаецца ў паведамленні.

Рыбакоў заявіў пра неабходнасць забеспячэння ўстойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах праз партнёрства, інавацыі і інвестыцыі і прадставіў прапановы Беларусі па напаўненні далейшага міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскіх пытаннях з удзелам арганізацый сістэма ААН і зацікаўленых дзяржаў.

Беларускі дыпламат таксама праінфармаваў пра мерапрыемствы, што арганізоўвае Беларусь з нагоды Міжнароднага дня памяці пра чарнобыльскую катастрофу, які адзначаецца першы раз у 2017 годзе.

У гэты ж дзень Рыбакоў сустрэўся з адміністратарам ПРААН Хелен Кларк, якая завяршае сваю дзейнасць на гэтай пасадзе.

Прадстаўнік Беларусі выказаў словы ўдзячнасці Кларк за "самаадданую працу як на пасадзе кіраўніка ПРААН, так і ў якасці каардынатара міжнароднага ўзаемадзеяння ААН па Чарнобылі, яе асабісты ўнёсак у развіццё чарнобыльскага супрацоўніцтва", паведамляе прэс-служба МЗС.

Суразмоўцы абмяняліся меркаваннямі пра ход і перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскай тэматыцы.

Даведка БелаПАН.
Група ААН па Чарнобылі каардынуе дзейнасць агенцтваў сістэмы ААН, іншых міжнародных арганізацый і зацікаўленых краін у галіне міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва. Старшынёй групы з'яўляецца адміністратар Праграмы развіцця ААН Хелен Кларк. Яе членамі — больш за дзесяць міжнародных арганізацый, уключаючы ПРААН, МАГАТЭ, СААЗ, ЮНЕП, ФАА, Сусветны банк. Пастаянныя ўдзельнікі групы як найбольш пацярпелыя ад Чарнобыля краіны — Беларусь, Расія і Украіна.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239