Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/04/897202_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 18:31
04.04.2017 11:57 Грамадства

Да двух гадоў калоніі-пасялення прыгавораны былы дырэктар кафэ, дзе атруціліся чадным газам дзве працаўніцы

Мінск, 4 красавіка. Былы дырэктар ТАА "Сэрвіс НК" у Слуцку, былы дырэктар кафэ, дзе ад атручвання чадным газам загінулі дзве працаўніцы, прыгавораныя да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў. Як паведаміла БелаПАН загадчыца сектарам па працы са зваротамі грамадзян Мінскага абласнога суда Зарана Жукоўская, такі прыгавор вынес 4 красавіка суд Слуцкага раёна.

Фігурант прызнаны вінаватым у невыкананні службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага і нядбайнага стаўлення да службы, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек (арт. 428 КК).

Паводле даных следства, 5 лютага 2016 года прыблізна ў 15.30 у памяшканні харчаблока аднаго з кафэ Слуцка былі знойдзеныя целы дзвюх жанчын — 1971 і 1975 гадоў нараджэння. Кафэ працавала па спецзамове, жанчыны гатавалі стравы для мерапрыемства, запланаванага на вечар таго ж дня.

Высветлілася, што яшчэ 23 студзеня 2016 года пры рабоце на кухні 40-гадовая кухар некалькі разоў страчвала прытомнасць, ёй выклікалі хуткую дапамогу. Пра гэта было вядома дырэктару кафэ. Скаргі на дрэннае самаадчуванне ў сувязі з няспраўным станам газавыкарыстальнага абсталявання паступалі ад работнікаў кіраўніку і раней, аднак былі пакінутыя без належнай увагі.

Паводле заключэння судова-медыцынскіх экспертыз, смерць жанчын наступіла ад вострага атручвання чадным газам, на што паказвае канцэнтрацыя карбоксігемаглабіну ў іх крыві 71%.

Дзеянні дырэктара кафэ былі кваліфікаваныя следствам на падставе арт. 428 КК (службовая халатнасць).

Падчас расследавання вылучаныя матэрыялы праверкі, на падставе якіх распачатая яшчэ адна крымінальная справа — на падставе арт. 427 КК (службовы падлог) — у дачыненні да тэхніка па наладцы і выпрабаваннях выпрабавальнай лабараторыі УП "Слуцкая пажарна-выратавальная справа", жыхара Слуцка 1955 года нараджэння. Паводле даных следства, мужчына, у абавязкі якога ўваходзіла правядзенне праверак тэхнічнага стану дымавых і вентыляцыйных каналаў, у 2013 і 2014 гадах пры праверках у вышэйзгаданым кафэ ўнёс ілжывыя звесткі ў акты праверак. Расследаванне гэтай справы працягваецца.

Дзве жанчыны, якія жылі насупраць ўстановы, гатавалі для банкета, будынак быў зачынены на абслугоўванне. Цела выявіла цырульнік, сяброўка адной з загінулых. Яна працавала побач. Адна з загінулых за тыдзень да трагедыі засялілася ва ўласную кватэру, у іншай сіротамі засталіся двое дзяцей.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239