Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/04/897224_589647/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 18:06
04.04.2017 13:07 Палітыка, Грамадства

Мінгарсуд разгледзіць касацыйную скаргу журналіста Аляксандра Баразенкі 5 красавіка

Мінск, 4 красавіка. Мінскі гарадскі суд 5 красавіка разгледзіць касацыйную скаргу журналіста Аляксандра Баразенкі, які адбывае 15-дзённы адміністрацыйны арышт. Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, пасяджэнне прызначанае на 10.00.

Рашэнне аб арышце Баразенкі на 15 сутак вынесла 27 сакавіка суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Матыль.

Баразенка быў затрыманы 25 сакавіка ў цэнтры сталіцы падчас разгону АМАПам акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. Міліцыя прымяніла ў яго дачыненні арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) — нібыта ён нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. Баразенка віны не прызнаў. Усе выхадныя журналіст правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна.

Падчас допыту на судовым пасяджэнні Баразенка паведаміў, што 25 сакавіка "выконваў прафесійныя абавязкі на масавай акцыі — вёў прамую трансляцыю акцыі, назіраў за развіццём падзей". Ён адзначыў, што супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго разам з іншымі людзьмі ля крамы "Акіян" на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Паводле слоў Баразенкі, ён некалькі разоў назваў сябе і звярнуў увагу міліцыянераў на тое, што ён журналіст, але ўсё роўна быў адпраўлены ў аўтазак.

Баразенка папрасіў суддзю выклікаць у якасці сведкі сваю калегу Кацярыну Бахвалаву, якая працавала з ім разам на акцыі. Журналістка пацвердзіла ўсё, што ён раней сказаў у судзе.

З боку абвінавачання ў якасці сведкі выступіў супрацоўнік АМАПа Міхаіл Варывончык, які паведаміў, што разам з напарнікам дзяжурыў на вуліцы Казлова і звярнуў увагу на Баразенку, таму што той "лаяўся матам і размахваў рукамі". Ні камеры, ні заплечніка, якія канфіскавалі ў журналіста перад змяшчэннем у ЦІП, міліцыянеры нібыта не бачылі.

Суд задаволіў хадайніцтва Баразенкі аб праглядзе запісу відэатрансляцыі, якую вёў журналіст. Як высветлілася, Баразенка на акцыі маўчаў і падаў голас толькі падчас затрымання, калі называў сябе.

Нягледзячы на гэта, суддзя Матыль прызнала журналіста вінаватым і прыгаварыла да арышту.

Баразенка ў знак пратэсту абвясціў галадоўку.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239