Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/04/897260_589632/
Дата раздрукоўкі: 21.03.2019 18:45
04.04.2017 14:33 Эканоміка

Кабякоў: Беларусь разлічвае на істотнае павелічэнне тавараабароту з Кеніяй

Мінск, 4 красавіка. Беларусь разлічвае на істотнае павелічэнне тавараабароту з Кеніяй, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 4 красавіка ў Мінску на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў кенійскай групы кампаній "Самір груп" Наўшадам Нуралі Мералі.

"Рэгіён Усходняй Афрыкі вельмі прывабны для Беларусі як перспектыўны рынак, які дынамічна развіваецца. Мы ацэньваем існы ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва з Кеніяй як пакуль не адпаведны эканамічнаму патэнцыялу нашых краін. Тавараабарот парадку 18 млн долараў у 2016 годзе — гэта вельмі мала, і мы лічым, што найбліжэйшым часам ён можа быць шматкроць павялічаны. Мы спадзяемся, што ваш візіт у Беларусь закладзе неабходны падмурак, на якім мы будзем выбудоўваць плённае ўзаемадзеянне з дзелавымі коламі Кеніі ў духу ўзаемнага партнёрства", — цытуе Кабякова прэс-служба ўрада.

Паводле яго слоў, "Беларусь у курсе прынятых Кеніяй амбіцыйных праграм па развіцці сельскай гаспадаркі, арганізацыі харчовай бяспекі, развіцці дарожна-транспартнай і энергетычнай інфраструктуры, укараненні энергазберагальных тэхналогій і паляпшэнні экалогіі". Для рэалізацыі гэтых праектаў, заявіў прэм'ер, Беларусь гатовая прапанаваць перадавыя тэхналогіі, абсталяванне, паслугі. "Наша краіна з'яўляецца адным з вядучых сусветных вытворцаў буйнатанажных кар'ерных самазвалаў, трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, грузавікоў, угнаенняў, прадуктаў харчавання. Беларуская прадукцыя ўжо добра вядомая на Афрыканскім кантыненце сваёй надзейнасцю, прастатой ў эксплуатацыі і прывабнымі цэнамі, мы пастаўляем тэхніку практычна ва ўсе афрыканскія рэгіёны", — сказаў Кабякоў.

Пры гэтым разам з таварнымі пастаўкамі Беларусь гатовая прапанаваць сучасныя фінансавыя механізмы і прывабныя ўмовы пры куплі тэхнікі. Гаворка ідзе аб экспартным крэдытаванні, пастаўках тэхнікі на ўмовах лізінгу. Беларусь таксама зацікаўленая ў забеспячэнні жыхароў рэгіёну малочнай прадукцыяй, кансервамі, дзіцячым харчаваннем і іншымі прадуктамі.

У сваю чаргу Наўшад Нуралі Мералі адзначыў, што важным крокам для наладжвання ўзаемадзеяння быў візіт беларускай дэлегацыі ў Кенію ў кастрычніку 2016 года. Ён падкрэсліў гатоўнасць кенійскага бізнесу да плённага дыялогу з беларускімі партнёрамі.

"Самір груп" аб'ядноўвае 15 кампаній, якія больш за 30 гадоў працуюць ва Усходняй Афрыцы ў сельскай гаспадарцы, сферы фінансаў і страхавання, банкаўскай справы, аўтамабільнай прамысловасці, будаўніцтве, электраэнергетыцы, дэвелаперскай дзейнасці, сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, гандлі. Гадавы абарот групы перавысіў 1 млрд долараў, колькасць работнікаў — 24 тысячы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН