Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/04/897350_897351/
Дата раздрукоўкі: 04.06.2020 23:09
04.04.2017 20:39 Грамадства

Названыя лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2016 года

Мінск, 4 красавіка. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 года", паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У галіне навукі і тэхнікі прэмія прысуджана за распрацоўку і ўкараненне тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых супрацоўнікам 9-й гарадской клінічнай бальніцы і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія" Алегу Румо, Юрыю Астроўскаму, Аляксандру Дзядзько, Алегу Калачыку, Аляксею Шчэрбу, Андрэю Валенцюкевічу.

За распрацоўку і арганізацыю прамысловай вытворчасці экспартна арыентаваных мікраэлектронных вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння на аснове стварэння сучасных метадаў праектавання, паўправадніковых тэхналогій і высокадакладнага аналітычнага і зборачнага абсталявання прэміі ўдастоены супрацоўнікі ААТ "Інтэграл" Віталь Саладуха, Сяргей Чыжык і Сяргей Шведаў, ААТ "Планар" — Валерый Зайцаў і Генадзь Кавальчук, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — Сяргей Грабчыкаў.

У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана калектыву супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў асобе Аксаны Волкавай, Анастасіі Масквіной, Станіслава Трыфанава, Сяргея Франкоўскага, Ніны Ламановіч, Аляксандра Касцючэнкі за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцяў і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда" паводле твора Уладзіміра Караткевіча.

За значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета "Мефіста", мюзіклаў "Шклянка вады", "Джулія", "Соф`я Гальшанская", "Байкер" прэміі таксама ўдастоены кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.

"Названыя працы з`яўляюцца адлюстраваннем найважнейшых і найлепшых дасягненняў нашай краіны ў сферах навукі і тэхнікі, мастацтва і культуры. Яны прызнаныя беларускай і міжнароднай грамадскасцю, характарызуюцца навізной, эканамічнай эфектыўнасцю або сацыяльнай значнасцю", — гаворыцца ў паведамленні прэс-служба прэзідэнта.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239