Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/04/eu_eu_897333_897334/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:45
04.04.2017 18:23 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Еўрасаюз: Дзеянні ўладаў Беларусі супярэчаць заяўленай палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам

Мінск, 4 красавіка. Дзеянні ўладаў Беларусі ў кантэксце падзей апошняга часу супярэчаць заяўленай палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам. Да такой высновы прыйшла дэлегацыя Еўрасаюза, якая ўдзельнічала 3—4 красавіка ў Мінску ў трэцім раўндзе сустрэч каардынацыйнай групы ЕС — Беларусь.
Дэлегацыю Еўрасаюза узначальваў выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томас Майер-Хартынг. У дэлегацыю ўваходзілі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і генеральных дырэктаратаў Еўракамісіі, адказных за пытанні Еўрапейскай палітыкі суседства, гандлю, энергетыкі, а таксама ўнутраных спраў. Беларуская дэлегацыя працавала пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка МЗС Алега Краўчанкі і ўключала ў сябе прадстаўнікоў іншых галіновых міністэрстваў. У сустрэчах таксама бралі ўдзел беларускія эксперты і няўрадавыя арганізацыі.

Дэлегацыю ЕС прымалі міністр замежных спраў Уладзімір Макей і першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

"У кантэксце падзей апошняга часу дэлегацыя Еўрапейскага саюза падкрэсліла, што, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці праяўляць стрыманасць, дзеянні ўладаў, у тым ліку прэвентыўныя арышты напярэдадні і вялікая колькасць арыштаў і затрыманняў мірных дэманстрантаў у дзень 25 сакавіка, былі непераборлівымі і неналежнымі і што такія абмежаванні свабоды выказванняў і сходаў супярэчаць заяўленай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам", — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва Еўрасаюза.

"На ўсіх сустрэчах дэлегацыя Еўрапейскага саюза адзначала, што канкрэтныя і незваротныя захады з боку Беларусі да забеспячэння ўніверсальных фундаментальных свабод, у тым ліку свабод выказвання, сходаў і СМІ, а таксама вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку адмена смяротнага пакарання, застануцца ключавымі пры фарміраванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і адносін ЕС з гэтай краінай", — падкрэсліваюць у прадстаўніцтве.

Падчас абмеркавання на сустрэчах тэмы будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы еўрапейскі бок заявіў пра неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва па пытаннях ядзернай бяспекі.

У ходзе пасяджэння каардынацыйнай групы ЕС — Беларусь асобная сесія была прысвечана правам чалавека і палітычным свабодам. У дадатак быў абмеркаваны шырокі спектр асабліва важных для грамадзянскай супольнасці пытанняў, у тым ліку пытанняў мабільнасці, кантактаў паміж людзьмі, гандлю, энергетыкі, мытнай дзейнасці, транспарту, навакольнага асяроддзя, навуковых даследаванняў, адукацыі, санітарных і фітасанітарных стандартаў, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай абароны. Бакі абмяняліся поглядамі на падзеі ў рэгіёне.

Дэлегацыя Еўрапейскага саюза таксама прадставіла сваю прапанову па прыярытэтах партнёрства ЕС і Беларусі з акцэнтам на належнае кіраванне, умацаванне інстытутаў і вяршэнства права, мабільнасць і кантакты паміж людзьмі ў адпаведнасці з прыярытэтамі, узгодненымі ўсімі партнёрамі на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства ў 2015 годзе.

Згодна з прынятай у ЕС палітыкай супрацоўніцтва і задзейнічання грамадзянскай супольнасці дэлегацыя Еўрасаюза таксама заклікала ўлады да шырокіх кансультацый з усімі зацікаўленымі бакамі і правяла асобныя сустрэчы з беларускімі праваабаронцамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных рухаў.

"Еўрапейскі саюз зноў пацвердзіў сваю прыхільнасць да мэты забеспячэння стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі на карысць яе народа і будзе і надалей працаваць разам з усімі зацікаўленымі бакамі для дасягнення гэтай важнай мэты", — падкрэсліваецца ў паведамленні прадстаўніцтва Еўрасаюза.

Каардынацыйная група Беларусь — ЕС створана ў 2016 годзе для структураванага комплекснага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння. Першае пасяджэнне групы адбылося 6—7 красавіка 2016 года ў Бруселі, другое — 16—17 лістапада 2016 года ў Мінску.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239