Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/05/897371_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:26
05.04.2017 09:19 Эканоміка

Амаль 30 млн рублёў выдзелена БМЗ з рэспубліканскага інавацыйнага фонду

Мінск, 5 красавіка. Амаль 30 млн рублёў выдзелена ААТ "Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынгу "Беларуская металургічная кампанія" (ААТ "БМЗ") з рэспублiканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду з мэтай забеспячэння фінансава-эканамічнай устойлівасці прадпрыемства. Гэта прадугледжана ўказам № 100 ад 3 красавіка 2017 года, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

Згодна з указам, "рэшту сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, які ўтварыўся на 1 студзеня 2017 года, у суме 29.998.580 рублёў у 2017 годзе накіроўваецца ў якасці грашовага ўкладу Рэспублікі Беларусь на павелічэнне статутнага фонду ААТ "БМЗ".

Гэтыя грошы будуць выкарыстаныя на пакрыццё расходаў, звязаных з фінансаваннем інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя вытворчасці сартавога пракату з будаўніцтвам драбнасортна-драцянога стана".

Савету міністраў даручана забяспечыць прыняцце ў 2017 годзе ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь акцый, выпушчаных у сувязі з павелічэннем статутнага фонду ААТ "БМЗ".

Кантроль за выкананнем указа, які набыў моц з яго падпісаннем, ускладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Драбнасортна-драцяны стан (СПЦ-2) Беларускага металургічнага завода быў урачыста адкрыты 25 верасня 2015 года. У канцы 2016 года выведзены на праектную магутнасць па штомесячным аб'ёме вытворчасці ў 57,5 тыс. тон. Кантракт на будаўніцтва стана быў падпісаны ў 2011 годзе. Пастаўшчыком абсталявання была абраная італьянская кампанія "Даніэлі" — даўні партнёр завода і сусветны лідар у гэтай галіне. Крэдыты на фінансаванне будаўніцтва далі Еўразійскі банк развіцця і "Беларусбанк".
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239