Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/05/897374_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:30
05.04.2017 09:44 Грамадства, Палітыка

У судзе Пінскага раёна разгледзяць справы ўдзельнікаў акцый супраць дэкрэта "аб дармаедстве"

Мінск, 5 красавіка. У судзе Пінскага раёна разгледзяць справы ўдзельнікаў акцый супраць дэкрэта "аб дармаедстве", якая прайшла ў Пінску 26 сакавіка.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, на 5 красавіка прызначаны суд над мясцовым жыхаром Іванам Жуком, на 6 красавіка — над актывістамі Аляксандрам Рамановічам, Ігарам Салаўём і Дзмітрыем Тарасюком. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па арт. 23.34 КоАП.

У Пінску 26 сакавіка на плошчы Леніна на заклік да салідарнасці з затрыманымі падчас Дня Волі ў Мінску і супраць дэкрэта № 3 сабралася каля 60 чалавек. Пасля таго як байцы АМАПа затрымалі члена Партыі БНФ Аляксандра Рамановіча, грамадскіх актывістаў Ігара Салаўя і Дзмітрыя Тарасюка, людзі запатрабавалі іх вызваліць або затрымаць усіх. Пасля гэтага праваахоўнікі выпусцілі Аляксандра Рамановіча і Ігара Салаўя, а Дзмітрыя Тарасюка пакінулі ў аўтазаку, таму што ў яго не было пры сабе ніякіх дакументаў.

Пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння складзеныя таксама на некалькіх іншых удзельнікаў акцыі, у тым ліку Ігара Петрушкевіча і Мікалая Міхалевіча. Суды над імі таксама павінны адбыцца на працягу гэтага тыдня.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239