Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/05/897394_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 11:30
05.04.2017 12:22 Грамадства

Лукашэнка даручыў за тры-чатыры гады прывесці ў парадак мясцовую дарожную сетку ў Беларусі

Мінск, 5 красавіка. Мясцовая дарожная сетка ў Беларусі на працягу трох-чатырох гадоў павінна быць прыведзеная ў парадак. Такое распараджэнне даў Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка на нарадзе па пытанні развіцця мясцовых аўтамабільных дарог, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Ён нагадаў, што цяперашнюю нараду, на якой будуць дэталёва прааналізаваныя праблемныя аспекты развіцця мясцовых аўтамабільных дарог, было вырашана правесці ў снежні 2016 года падчас адкрыцця другой Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі.

"Пытанне не проста наспела. Яно пераспела з-за пэўных прычын, — сказаў Лукашэнка. — Стаіць задача выявіць падчас нарады фактары, якія прывялі да нездавальняючага стану мясцовых дарог, знайсці шляхі вырашэння існуючых праблем. На працягу трох-чатырох гадоў мясцовая дарожная сетка павінна быць прыведзеная ў адпаведны стан. Да канца гэтай пяцігодкі мы павінны скончыць рамонт і аднаўленне дарог".

Паводле яго слоў, у Беларусі дастаткова тэхналогій для якаснага рамонту дарог. "Трэба мець на ўвазе, што дарогі мы дамовіліся рабіць з бетонным пакрыццём. Калі гэта сёння па-ранейшаму актуальна і выгадна — прынамсі, яшчэ ні адзін спецыяліст мне не далажыў, што гэта нявыгадна, — значыць, трэба рабіць дарогі максімальна з бетонным пакрыццём. Дзе гэта немагчыма — значыць, асфальт і бетон, — сказаў Лукашэнка. — Яшчэ раз падкрэсліваю, тэхналогій дастаткова. Чатыры гады на тое, каб не проста адшукаць нейкія сродкі, а каб дакладна вызначыцца і прывесці ў нармальны стан дарогі за тыя сродкі, якія будуць выдзеленыя. Жалезны кантроль за губернатарамі".

Лукашэнка зазначыў, што апошнім часам у Беларусі надаецца вялікая ўвага развіццю сеткі асноўных рэспубліканскіх аўтамагістраляў. "І ў нейкай ступені пытанні мясцовых дарог сышлі на другі план. Гэта прывяло да з'яўлення справядлівых нараканняў з боку насельніцтва на стан дарожнай сеткі ў рэгіёнах. Па розных ацэнках, ад шасці да дзесяці тысяч кіламетраў дарог патрабуюць неадкладнага рамонту. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што нашы людзі не прывыклі перамяшчацца па дрэнных дарогах", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, мясцовыя органы ўлады ў гэтым пытанні ўвесь час спасылаюцца на недахоп сродкаў. "У сувязі з гэтым хачу адразу вас папярэдзіць: сродкаў заўсёды бракавала, нават у савецкія часы. У свой час для вырашэння пытанняў фінансавання дарожных работ урад у дадатак да таго, што вылучаецца з мясцовых бюджэтаў, увёў дзяржаўную пошліну за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Вядома, гэта мізэрныя сродкі ў параўнанні з тымі, якія патрэбныя сёння для аднаўлення і рамонту дарог мясцовага значэння", — заявіў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239