Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/06/897655_556982/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 01:49
06.04.2017 15:54 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Пасля трагедыі ў Санкт-Пецярбургу ўсе праблемы адышлі на задні план

Мінск, 6 красавіка. Пасля трагедыі ў Санкт-Пецярбургу ўсе праблемы адышлі на задні план, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мир" 6 красавіка.

Кажучы пра сваю сустрэчу з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, якая адбылася ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка, у дзень тэракта ў пецярбургскім метро, Лукашэнка адзначыў, што бакі старанна рыхтаваліся да перамоў. "Вы ведаеце, што былі шматлікія супярэчнасці, праблемы ў адносінах Беларусі і Расіі па пэўных пытаннях. Гэта напружвала і мяне, і прэзідэнта Пуціна. Усё гэта было непрыемна, тым больш паміж нашымі дзяржавамі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Мы ідзем на гэтую сустрэчу, як раз паралельна ў гэты ж момант адбываецца тэрарыстычны акт. І ўсе гэтыя праблемы, якімі мы жылі, магчыма, некалькі месяцаў да нашай сустрэчы (мы былі поўныя рашучасці, паспрачаўшыся дзесьці, рассекчы гэты гордзіеў вузел), адышлі на задні план. Мы зразумелі сапраўдную каштоўнасць у гэтым жыцці. Што такое спрэчкі па нафце, па газе і іншае, калі нечакана ў цябе пад носам адбываецца тэрарыстычны акт і гінуць людзі, якіх мы павінны абараніць?" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, пасля весткі аб трагедыі ў метро пытанні бяспекі і абароны на перамовах выйшлі на першы план. Хоць яны і былі запланаваныя як асноўныя, дадаў Лукашэнка. "Усё астатняе, жыццёвае, адышло на задні план, і мы менш прысвяцілі часу ўрэгуляванню гэтых пытанняў. Мы звярнулі ўвагу перш за ўсё на гэта. Гэта нам быў ўрок у тую хвіліну, і гэта павінна паслужыць урокам усім", — сказаў беларускі кіраўнік.

Выбух у метро Санкт-Пецярбурга прагрымеў 3 красавіка прыблізна ў 14.40 паміж станцыямі "Сянная плошча" і "Тэхналагічны інстытут". Загінулі 14 чалавек, больш за 50 атрымалі раненні, сярод пацярпелых — грамадзянін Беларусі. Некалькі чалавек дагэтуль знаходзяцца ў крытычным стане. Генпракуратура РФ афіцыйна назвала выбух у метро тэрактам.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239