Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/07/897791_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.08.2021 09:53
07.04.2017 13:00 Палітыка, Эканоміка

У Маскве праходзяць беларуска-расійскія перамовы

Мінск, 7 красавіка. Беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам праводзіць 7 красавіка перамовы ў Маскве. Перамовы тычацца "фармалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых прэзідэнтамі Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу", паведаміў БелаПАН прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбылася ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка. Па яе выніках было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытанняў. У прыватнасці, Пуцін паведаміў, што Расія і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытанні ў нафтагазавай сферы. Паводле слоў Лукашэнкі, Расія ў гэтым годзе рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі.

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі 4 красавіка патлумачыў журналістам, што Расія цалкам рэфінансуе ўсе даўгавыя абавязацельствы Беларусі ў памеры 750-800 млн долараў. "Гаворка ішла аб рэфінансаванні тых даўгоў, якія ў нас сфармаваліся ў межах нашага двухбаковага парадку дня. Гэтае пытанне разглядалася яшчэ летась, і цяпер мы вярнуліся да яго і знайшлі магчымае прынцыповае вырашэнне", — удакладніў ён.

У эфіры тэлеканала "Беларусь 1" увечары 4 красавіка было сказана, што пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь адновяцца ў ранейшых аб'ёмах не пазней за 13 красавіка. Пры гэтым новае пагадненне аб нафце будзе дзейнічаць да 2024 года ўключна. Акрамя таго, з Беларусі знятае абавязацельства пастаўляць у Расію 1 млн тон нафтапрадуктаў штогод, паведаміў Сямашка.

У сваю чаргу віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч 5 красавіка паведаміў, што пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь павялічацца толькі ў тым выпадку, калі Мінск даплаціць за пастаўлены газ. "Калі мы атрымаем плацеж за газ за мінулы перыяд, тады так, могуць пачацца. Але толькі ў гэтым выпадку", — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра магчымасць аднаўлення аб'ёмаў паставак нафты ў Беларусь 13 красавіка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239