Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/07/897816_445566/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2021 06:58
07.04.2017 15:56 Грамадства

Белстат: Толькі амаль траціна насельніцтва краіны ацэньвае стан свайго здароўя як добры

Мінск, 7 красавіка. Толькі 28% насельніцтва Беларусі ацэньваюць стан свайго здароўя як добры, 63% — як здавальняючы. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў справаздачы Белстата паводле вынікаў выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, апублікаванага да Сусветнага дня здароўя, які адзначаюць 7 красавіка.

Пры гэтым, гаворыцца ў справаздачы, прыкладна 90% насельніцтва згодныя з тым, што стан здароўя залежыць перш за ўсё ад іх саміх.

Пераважная большасць рэспандэнтаў лічаць моцнае здароўе і паразуменне ў сям'і больш значнымі каштоўнасцямі, чым матэрыяльны дабрабыт, добрая адукацыя, праца, зносіны і іншыя сацыяльныя арыенціры. На прапанову вызначыць па дзесяцібальнай шкале значнасць розных сацыяльных прыярытэтаў у сістэме жыццёвых каштоўнасцяў, 78% рэспандэнтаў прысвоілі максімальную колькасць балаў здароўю. Прычым сярод жанчын гэты прыярытэт каціруецца вышэй, чым сярод мужчын (82 і 74%).

Лічаць, што клапоцяцца пра сваё здароўе, 87% насельніцтва. Сярод жанчын — 91%, сярод мужчын — 81%. Прычым толькі крыху больш за палову апытаных выконваюць рэжым харчавання і вядуць актыўны і рухомы спосаб жыцця.

Паводле вынікаў абследавання, 20% насельніцтва кураць штодня і 3% — ад выпадку да выпадку. Сярод мужчын кураць штодня 40%, сярод жанчын — 7%. Пры гэтым больш за палову тых, хто курыць штодня, спажывае больш за 10 цыгарэт на дзень.

На ўжыванне алкаголю паказалі дзве траціны насельніцтва ва ўзросце 16 гадоў і старэй (77%). Ужыванне моцных алкагольных напояў і піва пераважае сярод мужчын.

Статыстыка кажа, што папулярызацыя здаровага спосабу жыцця прыводзіць да распаўсюджвання прынцыпу адказнасці чалавека за сваё здароўе. Так, на працягу апошніх гадоў адзначаецца рост колькасці беларусаў ад 16 гадоў і старэйшых, якія займаюцца фізкультурай і спортам. Калі на пачатак 2011 года гэты паказчык складаў 24%, то на пачатак 2017 года — 27%.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239