Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/07/897820_215478/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2021 08:47
07.04.2017 16:04 Палітыка

Лукашэнка: Барацьба з тэрарызмам — гэта праца ўсёй дзяржавы

Мінск, 7 красавіка. Барацьба з тэрарызмам — гэта не толькі і не столькі праца спецслужбаў, а ўсёй дзяржавы, яе знешняя і ўнутраная палітыка, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю тэлерадыёкампаніі "Мир" 6 красавіка. Стэнаграма інтэрв`ю апублікаваная сёння на сайце прэзідэнта Беларусі.
Лукашэнка падкрэсліў, што змагацца з міжнародным тэрарызмам трэба разам, намаганнямі ўсіх дзяржаў. "Гэта не навіна, пра гэта шмат заўсёды кажуць кіраўнікі і вялікіх краін, і сярэдніх, і малых, але давайце будзем шчырыя і адкрытыя, пакуль гэта размовы на публіку. У гэтых адносінах мала што робіцца, — сказаў Лукашэнка. — Больш гаворым, а мала робім. Калі б аб`ядналіся тыя, хто ўжо пакутуе ад гэтых тэрарыстычных актаў, я ўпэўнены, што мы значна прасунуліся б у супрацьдзеянні гэтаму злу".

Ён падкрэсліў, што наўрад ці можна цалкам пазбегнуць тэрарыстычных актаў, але "такіх масавых маштабах, як цяпер адбываюцца тэракты, іх можна было б мінімізаваць, значна мінімізаваць, бо гадоў трыццаць-сорак іх практычна не было. Чаму? Таму што ну і сітуацыя, вядома, была іншая, але і эфектыўнасць кантролю з боку ўладаў, спецслужбаў, адпаведных органаў праваахоўных была вельмі магутнай".

Лукашэнка адзначыў, што ён не "абсалютны эксперт у гэтай сферы", але адназначна перакананы, што супраць тэрарызму трэба змагацца ўсёй сістэме дзяржаў і праводзіць разумную як знешнюю, так і ўнутраную палітыку, каб мінімізаваць гэта. "Калі мы гэтага не зразумеем і пасля чарговай, не дай бог яшчэ, падзеі тэрарыстычнай будзем на Галгофу цягнуць і адсякаць галаву спецслужбам, значыць мы ніколі не прадухілім гэтую страшную з`яву. Гэта вельмі сур`ёзная і страшная з`ява, прычына якой у комплексе", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, грамадзяне павінны быць "вельмі ўважлівымі" і "там, дзе яны бачаць, што нешта не так, усё ж такі павінны ўзаемадзейнічаць са спецслужбамі, павінны інфармаваць спецыяльныя службы". "Трэба ўсё ж такі пра гэта казаць, таму што ўсе гэтыя тэрарысты, яны так ці інакш у большасці сваёй жывуць сярод людзей, так ці інакш рыхтуюцца да падобных мерапрыемстваў, тэрарыстычных актаў. І няпраўда, што людзі гэтага не бачылі, не заўважалі і так далей, — сказаў Лукашэнка. — Часам нядбайнасць дзяржаўных органаў, якія павінны быць больш за ўсё насцярожаныя і працаваць супраць гэтага, вось гэтая неасцярожнасць, няўважлівасць, халатнасць, галавацяпства дзяржаўных органаў і іншых прыводзіць да таго, што своечасова не ўдалося прадухіліць тэракт".

У якасці прыкладу ён прывёў тэракт у мінскім метро ў 2011 годзе. "Гэта не нейкія там ідылаўцы прыехалі і іншыя, <...> бо гэта былі беларусы, — сказаў Лукашэнка. — Калі пачалі расследаванне, мы ўбачылі, што гэтыя так званыя беларусы ні ў чым асабліва не падрыхтаваныя да тэрарызму, дзейнічаючы сярод людзей, здолелі змайстраваць нейкае там выбуховае прыстасаванне, працавалі з інтэрнэтам. Апрабавалі яго ў лесе. У кватэры звычайнай, у доме звычайным ў склепе гэтым займаліся, а гэта бачылі дзясяткі людзей. Але ніхто не надаў гэтаму значэння".

Лукашэнка заявіў, што "трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі, праводзячы тую ці іншую палітыку". "І калі мы кажам, што мы змагаемся супраць зла, то трэба змагацца супраць гэтага зла, — сказаў ён. — І не трэба рабіць памылкі, а тым больш не трэба ўчыняць дзеянні нам, з нашага боку, якія спрабуюць народы свае зберагчы ад тэрактаў, ад тэрарыстаў, нам не трэба рабіць грубыя памылкі, а то і наўмысныя нейкія дзеянні, якія б, ведаеце, паставілі нас пад удар адпаведных тэрарыстаў".

Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў не абвінавачваць у тэрактах агульна ўсіх мусульман. "Ну пры чым тут іслам?! — сказаў ён. — Я 20 гадоў маю зносіны з дзяржавамі, мусульманскімі дзяржавамі, у нас бліскучыя з імі адносіны, дай бог, каб з усімі былі, і я ўсё больш пераконваюся — ну якія яны тэрарысты?! Але і сярод нашых хрысціян, і сярод мусульман ёсць, а ў сям`і не без вырадка, ёсць людзі адпаведныя, якія здольныя ўчыніць такія дзеянні. Проста, я яшчэ раз кажу, не трэба ўсіх кідаць у адзін кошык і ўсіх вінаваціць".

Пры гэтым ён адзначыў, што "хрысціяне больш памяркоўныя ў рэлігійных адносінах", а мусульмане "не дапусцяць ніякага кіўку ў бок Карана, тым больш здзекаў з Карана". "І не трэба іх крытыкаваць. Яны так трапятліва ставяцца да гэтага, ну давайце мы будзем паважаць іх, — сказаў Лукашэнка. — Не трэба ўзбуджаць у людзей вось гэтыя нізкія інстынкты, якія іх прыводзяць да гэтых тэрарыстычных актаў, яны і так за крок або паўкроку ад гэтага, а мы даем гэтаму штуршок самі. Таму давайце глядзець на сябе. І давайце глядзець глыбей, каб мы не стваралі глебу, каб мы не падштурхоўвалі адпаведныя арганізацыі, нават дзяржавы, не кажучы ўжо пра нейкія асобы, вось да гэтага тэрарызму".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239