Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/07/897821_223366/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2021 08:39
07.04.2017 16:50 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Не столькі беларусы, колькі расіяне не гатовыя да фармавання паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы

Мінск, 7 красавіка. Сёння "няма той сітуацыі, якая падштурхнула б нас да дзеянняў па фармаванні ўсіх элементаў Саюзнай дзяржавы", заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі "Мир". Стэнаграма інтэрв'ю размешчаная на афіцыйным сайце прэзідэнта.

Лукашэнка падкрэсліў, што беларускае і расійскае кіраўніцтва ў свой час адышлі ад дагавора аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. "А мы павінны былі правесці рэферэндум і стварыць агульны закон — агульную канстытуцыю нашай будучай Саюзнай дзяржавы. Але ў свой час мы гэтага не зрабілі, узялі і павырывалі асобныя пытанні і пачалі іх вырашаць. Ну дзякуй богу, хоць так рабілі, гэта не на шкоду", — сказаў ён.

"Напэўна, няма той сітуацыі, якая падштурхнула б нас да дзеянняў па фармаванні ўсіх элементаў Саюзнай дзяржавы — агульнай канстытуцыі, на падставе яе і агульнай валюты (гэта не значыць, што беларускі ці расійскі рубель, не, мы выпрацаваць можам любую іншую валюту), агульных органаў кіравання, парламенцкае вымярэнне, вышэйшых органаў улады і гэтак далей. Там маса пытанняў, што да дзяржавы, а вы разумееце, што такое дзяржава і якія яе атрыбуты, маючы на ўвазе Саюзную дзяржаву, аб'яднанне двух незалежных дзяржаў. Мы не гаворым пра страту незалежнасці Расіі ці Беларусі", — працягнуў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, "зараз, на гэтым этапе (а я толькі што сказаў: калі-небудзь мы вернемся да гэтага пытання, фармавання сапраўднай Саюзнай дзяржавы), мы сёння да гэтага не гатовыя, і не столькі беларусы, колькі расіяне, расійскае кіраўніцтва" . "Але трэба тады вырашаць іншыя пытанні. Што да людзей — мы нямала зрабілі. Цяпер трэба на эканоміку паглядзець", — дадаў Лукашэнка.

Ён удакладніў, што на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы павінны быць роўныя ўмовы для жыцця грамадзян і функцыянавання прадпрыемстваў. "Ну і пагадзіцеся, якія тут роўныя ўмовы, калі мы ў пяць разоў атрымліваем, прадпрыемствы нашы, прыродны газ даражэйшы, чым Расія?! А агульны рынак, як там канкураваць? Вось і даводзіцца сабекошт скарачаць, каб адпаведную цану трымаць, і людзям зарплату меншую плаціць, і іншыя мерапрыемствы праводзіць, і мадэрнізацыю складана весці, таму што прыбытак змяншаецца. Нам не да раскошы, дай бог выжыць у гэтай сітуацыі. А гэта ненармальна, калі пайшлі на саюз, давайце хоць у межах Саюза Беларусі і Расіі прадэманструем, што мы можам і павінны, можам стварыць роўныя ўмовы і для людзей, для жыцця людзей, свабоднага перамяшчэння, працаўладкавання, сацыяльных пытанняў, аховы здароўя, адукацыі і гэтак далей, і для прадпрыемстваў", — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што "прынцып Саюзнай дзяржавы — раўнапраўныя адносіны". "Гэта не значыць узяць усё, што ў нас ёсць, у Расіі і Беларусі, і пароўну падзяліць. Я неяк казаў: калі гэта ўзяць і пароўну падзяліць, то мы падавімся тым кавалкам, які дастанецца Беларусі. Мы на гэта і не прэтэндуем. Там за 140 мільёнаў, 145 мільёнаў ўжо, напэўна, чалавек, а ў нас менш за 10, чаго мы будзем прэтэндаваць на роўныя долі ?! Ні ў якім разе. Мы павінны проста сумленна ў гэтых адносінах працаваць і даць магчымасць працаваць прадпрыемствам і там, і тут", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239