Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/07/897833_897834/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2021 06:57
07.04.2017 17:03 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Расія пасля ўвядзення супраць яе санкцый прасела і пацягнула нас следам за сабой

Мінск, 7 красавіка. Праблемы ў інтэграцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза з'явіліся з-за ўвядзення Захадам антырасійскіх санкцый. Такое меркаванне Аляксандр Лукашэнка выказаў 6 красавіка ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі "Мір". Стэнаграма інтэрв'ю апублікавана на афіцыйным сайце прэзідэнта.

"Мы разумеем, адкуль гэта (праблемы ў еўразійскай інтэграцыі. — БелаПАН.), мы разумеем сёння, якія наступствы гэтага. Гэта ўзялося адтуль, што супраць Расіі перш за ўсё ўвялі санкцыі. А Расія — гэта самая буйная і сістэмаўтваральная дзяржава ў Еўразійскім саюзе і АДКБ. Яна сёння прасела — і пацягнула нас следам за сабой, асабліва Беларусь, паколькі тут вельмі цесна эканомікі звязаныя. І мы іх не развязвалі, а звязвалі ў рамках Саюза Беларусі і Расіі, таму прасела Расія, а следам мы", — лічыць Лукашэнка.

Ён адзначыў: "Замест таго каб разам выбірацца з гэтай сітуацыі, гэта тычыцца перш за ўсё галоўнага нашага саюзніка Расіі, мы пачалі рабіць дзеянні для таго, каб неяк у адзіночку выбрацца з гэтай сітуацыі". "Расія пачала прыкрываць свой рынак дзесьці для некаторых прамысловых тавараў з Казахстана, Беларусі. Казахстан, як крыўдзяцца кыргызы, не пускае мяса, жывёлу і іншыя тавары на рынак Казахстана і наогул на еўразійскі рынак. Гэта значыць спрабуем сысці адзін ад аднаго і абараніцца ў адзіночку. Гэта няправільна ў гэтай сітуацыі, трэба дзейнічаць разам, разам будзе лягчэй", — заявіў ён.

Лукашэнка лічыць ненармальным зафіксаванае ў 2016 годзе 40-працэнтнае зніжэнне ўзаемнага тавараабароту ў рамках ЕАЭС. "Вядома, гэта праблема, якая прыводзіць, скажам так, калі ўжо абсалютна казаць, да супярэчнасцяў паміж нашымі дзяржавамі, як гэта было, дапусцім, у Беларусі і Расіі, самых блізкіх і самых брацкіх дзяржавах. Хто б мог падумаць, што мы на роўным месцы пачнем спатыкацца?! Гэта ненармальна. Павінны працаваць усе органы і структуры нашы дзяржаўныя і не выводзіць гэтыя праблемы на самы высокі ўзровень, калі іх можна вырашаць на ведамасным узроўні, нават не на ўрадавым", — дадаў афіцыйны лідар.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239