Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/10/898080_898081/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:38
10.04.2017 11:32 Грамадства

Сіноптыкі прагназуюць на гэтым тыдні пахаладанне і кароткачасовыя ападкі

Мінск, 10 красавіка. Сіноптыкі прагназуюць на гэтым тыдні пахаладанне і кароткачасовыя ападкі.

"Другая дэкада красавіка не прынясе цяпла ў Беларусь. На гэтым тыдні чакаецца няўстойлівае надвор'е з тэмпературным фонам блізкім да кліматычнай нормы. І толькі панядзелак парадуе нас цяплом і сонцам, і ён будзе самым лепшым днём на гэтым тыдні. Ужо ў наступныя суткі атмасферныя франты, якія будуць перамяшчацца праз тэрыторыю Беларусі, абумовяць няўстойлівае надвор'е і адкрыюць дарогу больш халодным паветраным масам са Скандынавіі", — адзначыла намеснік начальніка службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Рыбакова.

У аўторак, 11 красавіка, на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах, пераважна па ўсходзе, прагрымяць навальніцы, пры навальніцах парывісты вецер, магчымы град. Тэмпература паветра гэтай ноччу складзе плюс 5—11°С, днём плюс 8—14°С, па паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да плюс 18°С.

У сераду, 12 красавіка, надвор'е будуць вызначаць паветраныя масы, якія паступаюць са Скандынавіі. Ноччу пераважна па паўночна-ўсходняй палове краіны чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, днём у паўночна-заходніх і цэнтральных раёнах рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да мінус 2 — плюс 4°С, днём складзе плюс 6—12°С.

У чацвер, 13 красавіка, чарговая сістэма франтальных раздзелаў з Заходняй Еўропы абумовіць на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы плюс 2—8°С, днём плюс 7—13°С, па паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да плюс 15°С.

У пятніцу, 14 красавіка, пад уплывам няўстойлівых паветраных мас, якія паступаюць з паўночна-заходніх раёнаў Расіі, на большай частцы тэрыторыі нашай краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным у выглядзе дажджу, адзначыла сіноптык. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да мінус 1 — плюс 5°С, днём плюс 3—10°С.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239