Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/13/898698_898699/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 14:59
13.04.2017 14:31 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка прапанаваў павялічыць пастаўкі малочнай прадукцыі ў кітайскую правінцыю Хунань

Мінск, 13 красавіка. Магчымыя кірункі развіцця супрацоўніцтва Беларусі і кітайскай правінцыі Хунань абмяркоўваліся 13 красавіка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з сакратаром камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань Ду Цзяхаа.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка назваў некалькі перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва, у тым ліку магчымыя пастаўкі ў правінцыю Хунань харчовай, перш за ўсё малочнай, прадукцыі з Магілёўскай вобласці.

"Беларускі бок можа іх павялічыць. Па чыгунцы праз Беларусь у Еўропу ўжо ідуць кантэйнеры, якія назад вяртаюцца паўпустыя. Мы маглі б загрузіць іх малаком, ёгуртамі, марожаным, попыт на якія ў вас расце літаральна з кожным днём", — сказаў Лукашэнка.

"Нядзіўна, што ў правінцыі Хунань з'явіліся агульныя пункты судакранання з Беларуссю. Два гады таму мы з маім сябрам Сі Цзіньпінам дамовіліся аб тым, што міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне павінна стаць лакаматывам у адносінах дзвюх краін", — нагадаў беларускі афіцыйны лідар.

Паводле яго слоў, правінцыя Хунань "атрымала надзейнага партнёра ў асобе Магілёўскай вобласці і актыўна працуе з ёй". Кіраўнік дзяржавы гарантаваў падтрымку кантактаў двух рэгіёнаў і прапанаваў больш шырока абмеркаваць аспекты супрацоўніцтва як міжрэгіянальнага, так і з Беларуссю ў цэлым.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь таксама зацікаўлена ў паспяховай рэалізацыі заключаных раней кантрактаў, у прыватнасці з кампаніяй "Зумліён". Ён нагадаў, што ў лютым гэтага года ў свабоднай эканамічнай зоне "Магілёў" зарэгістравана беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску будаўнічай і камунальнай спецтэхнікі. На заводзе "Строммашына" рыхтуюцца да сумеснай зборкі кранавага абсталявання. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што кампанія "Зумліён" будзе "годна працаваць" і ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". "З улікам прадастаўленых намі льгот яна можа хуткімі тэмпамі наладзіць высокатэхналагічную вытворчасць. І гэтая прадукцыя будзе карыстацца попытам не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Еўрапейскім саюзе", — перакананы Лукашэнка.

На яго думку, Беларусі і правінцыі Хунань неабходна наладжваць больш цесныя сувязі ў сферах культуры і адукацыі. "Улічваючы, што беларускія творчыя калектывы карыстаюцца папулярнасцю ў Кітаі, можна арганізаваць іх гастролі і ў правінцыі Хунань", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка мяркуе, што магчымы і культурны абмен навучэнцамі з пражываннем у сем'ях у перыяд летніх вакацый. У школах Беларусі выкладаюць кітайскую мову, у Кітаі — рускую. "Дзеці хутка адаптуюцца і знаходзяць паразуменне. Гэта будзе цікава і карысна", — сказаў ён.

Лукашэнка прапанаваў Ду Цзяхаа адкрыць прадстаўніцтва правінцыі Хунань у Беларусі. Калі такое рашэнне будзе прынята, то беларускі бок будзе гэтаму ўсяляк садзейнічаць, заявіў ён.

У сваю чаргу сакратар камітэта Кампартыі Кітая правінцыі Хунань выказаў упэўненасць, што супрацоўніцтва з Беларуссю "павінна стаць узорам узаемадзеяння для іншых кітайскіх рэгіёнаў".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239