Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/13/898735_898736/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 14:09
13.04.2017 16:48 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка адправіўся ў Бішкек на пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

Мінск, 13 красавіка. Аляксандр Лукашэнка адправіўся з рабочым візітам у Кыргызстан, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

14 красавіка Лукашэнка возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку. Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС "плануюць абмеркаваць рэалізацыю асноўных кірункаў міжнароднай дзейнасці ЕАЭС, асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-членаў на найбліжэйшыя гады". "Асаблівая ўвага будзе нададзена эканамічнаму супрацоўніцтву з трэцімі краінамі", — гаворыцца ў паведамленні. Па выніках пасяджэння чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў.

У той жа дзень адбудзецца нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ. "Прэзідэнты абмяркуюць сітуацыю ў сферы бяспекі, актуальныя выклікі і пагрозы, а таксама шляхі сумеснага процідзеяння ім", — паведаміла прэс-служба.

Перад паездкай у Бішкек Лукашэнка падпісаў пакет дакументаў, якія датычацца развіцця еўразійскай інтэграцыі. Ён уключае ў сябе дагавор аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС); дакументы, якія тычацца міжнароднай дзейнасці, уключаючы пачатак перамоваў аб свабодным гандлі з Іранам, Індыяй, Сінгапурам, Егіптам; пытанняў адзінага мытнага рэгулявання ў ЕАЭС, каардынацыі транспартнай палітыкі, лічбавага парадку дня, агульных фінансавага і электраэнергетычнага рынкаў, гандлю паслугамі.

"У цэлым прыняцце названага пакета дакументаў дазволіць Рэспубліцы Беларусь сістэмна адстойваць свае падыходы па праблемных пытаннях функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза", — паведаміла 12 красавіка прэс-служба прэзідэнта.

Папярэдняе пасяджэнне Вышэйшага савета ЕАЭС, якое адбылося 26 снежня 2016 года ў Санкт-Пецярбургу, Лукашэнка праігнараваў без тлумачэння прычын. У той дзень лідары Расіі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі Мытны кодэкс ЕАЭС.

Праз два дні, 28 снежня, Лукашэнка ўхваліў праект дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС. Дзяржаўны мытны камітэт быў упаўнаважаны на правядзенне перамоў па праекце дагавора. Ва ўказе адзначалася, што беларускі бок падпіша дакумент "пры дасягненні дамоўленасці ў межах ухваленага праекта".

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці Лукашэнка патлумачыў: "Я не падпісаў Мытны кодэкс таму, што многае, што павінна было быць, не працуе. Больш за тое, я даручыў адклікаць асноўных нашых спецыялістаў з мытных органаў. Без вырашэння праблем я нават не дакрануся да гэтага кодэксу і іншых пытанняў".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239