Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/13/898765_898766/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:40
13.04.2017 16:59 Эканоміка, Палітыка

Беларусь цалкам пагасіла запазычанасць за расійскі газ

Мінск, 13 красавіка. Беларусь у поўным аб'ёме пагасіла доўг за расійскі газ, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ПАТ "Газпром".
"Беларускі бок у поўным аб'ёме, у суме 726,2 мільёна долараў, пагасіў пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць перад "Газпромам" за пастаўкі расійскага газу ў 2016—2017 гадах", — сказаў прадстаўнік прэс-службы.

13 красавіка ўрад РФ ухваліў пакет дакументаў па нафтагазавых пытаннях з Беларуссю. Ухвалены, у прыватнасці, пратаколы:

- аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне ад 2011 года аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на беларускай тэрыторыі;

- аб унясенні змяненняў у пагадненне аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці ААТ "Белтрансгаз";

- аб унясенні змяненняў у пагадненне ад 2007 года аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў.

Перад пачаткам пасяджэння ўрада прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што Расія і Беларусь прыйшлі да рашэнняў, якія задавальняюць абодва бакі па цане на газ і пастаўках нафты. "Сёння мы прыйшлі да рашэнняў, якія задавальняюць абодва бакі. І важна, што яны ў цэлым зразумелыя і празрыстыя", — дадаў ён.

Мядзведзеў удакладніў, што плануецца зацвердзіць пратакол, які вызначае аб'ёмы паставак расійскай сырой нафты з 2017 па 2024 гады ў памеры 24 млн тон штогод трубаправодным транспартам.

Другі пратакол, паводле яго слоў, усталёўвае парадак вызначэння цаны на газ для Беларусі ў перыяд да 31 снежня 2019 года. Дакумент "прадугледжвае распрацоўку ў тэрмін да 1 студзеня 2018 года прапановы па праграме фарміравання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года", дадаў кіраўнік расійскага ўрада.

Трэці пратакол утрымлівае правілы доступу да паслуг суб'ектаў натуральных манаполій у сферы транспарціроўкі газу. "Замест ранейшых нормаў будуць прымяняцца нормы Еўразійскага эканамічнага саюза. Пратакол закране ў тым ліку і пытанні цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі. Гэты пакет дакументаў дазволіць мінімізаваць рызыкі ўзнікнення цэнавых спрэчак або дваякага, рознага тлумачэння правілаў у будучыні. Дадатковыя запэўніванні і гарантыі па спрэчцы, якая завяршылася, мы атрымалі з урада Беларусі ўчора", — паведаміў Мядзведзеў.

"Чакаем вяртання доўгу "Газпрому", пасля гэтага пачнем рэалізацыю разгляданых сёння пагадненняў", — падкрэсліў ён.

Беларуска-расійская спрэчка па кошце газу і пастаўках нафты доўжылася больш за год. З 2016 года Расія, згодна з дамоўленасцямі, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя ў сувязі з запазычанасцю Мінска за расійскі газ.

3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбыліся перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, па выніках якіх было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытанняў і пытанні ў нафтагазавай сферы будуць урэгуляваны на працягу 10 дзён — гэта значыць 13 красавіка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239