Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898822_898823/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:47
14.04.2017 09:25 Эканоміка, Фінансы

S&P: Здольнасць Беларусі плаціць па даўгах вельмі абмежаваная

Мінск, 14 красавіка. Нізкі ўзровень рэзерваў абмяжоўвае магчымасці Беларусі самастойна, без прыцягнення новых запазычанняў, пагашаць існуючыя даўгавыя абавязацельствы. Такое меркаванне выказалі крэдытныя аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Standard & Poor's у каментары для БелаПАН.

"На сённяшні дзень мы ацэньваем магчымасці Беларусі самастойна пагашаць знешнія суверэнныя даўгавыя абавязацельствы як досыць абмежаваныя", — кажуць аналітыкі Standard & Poor's.

Яны адзначылі, што, паводле іх ацэнак, у распараджэнні ўрада ёсць дэпазіт у замежнай валюце ў Нацыянальным банку Беларусі ў аб'ёме, які перавышае 2 млрд долараў. Акрамя таго, прыкладна аналагічную суму складаюць валютныя абавязацельствы Нацбанка перад камерцыйнымі банкамі.

Улічваючы нізкі ўзровень чыстых рэзерваў Нацбанка, аналітыкі Standard & Poor's "лічаць, што" ўрад не зможа выкарыстоўваць згаданыя рэсурсы для абслугоўвання знешняга дзяржаўнага доўгу ў поўным аб'ёме".

Паводле ацэнак агенцтва, на пачатак 2017 года сукупны дзярждоўг Беларусі складаў 41,5% ВУП і далейшае павелічэнне пазыковай нагрузкі на беларускую эканоміку непажаданае.

"Улічваючы абмежаваную эфектыўнасць манетарнай палітыкі (у тым ліку з-за высокага ўзроўню даларызацыі), бюджэтная палітыка з'яўляецца галоўным інструментам, з дапамогай якога ўрад можа ўздзейнічаць на эканоміку краіны. Далейшае павелічэнне пазыковай нагрузкі, у сваю чаргу, можа істотна абмежаваць магчымасці ўрада выкарыстаць гэты "рычаг" для процідзеяння тым ці іншым шокам", — адзначылі аналітыкі Standard & Poor's у каментары для БелаПАН.

На іх думку, на сённяшні дзень фіскальныя паказчыкі Беларусі з'яўляюцца слабым бокам суверэннага крэдытнага рэйтынгу краіны.

"Прыкметнае пагаршэнне бюджэтных і даўгавых паказчыкаў можа негатыўна паўплываць на суверэнныя крэдытныя рэйтынгі, напрыклад у выпадку матэрыялізацыі дадатковых умоўных абавязацельстваў, звязаных з банкаўскім або дзяржаўным сектарам, у большым аб'ёме, чым мы чакаем у гэты момант", — рэзюмавалі аналітыкі Standard & Poor's.

Нагадаем, у красавіку 2017 года міжнароднага рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's пацвердзіла суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні B-/B з прагнозам "Стабільны", які адлюстроўвае чаканне таго, што Беларусь у наступныя 12 месяцаў "зможа выканаць праграму рэфінансавання даўгавых абавязацельстваў ўрада і прыцягне неабходнае фінансаванне, напрыклад у расійскага ўрада".
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239