Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898828_898829/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:17
14.04.2017 10:11 Палітыка, Эканоміка

Кіраўнікі ЕАЭС праводзяць у Бішкеку пасяджэнне ў вузкім складзе

Мінск, 14 красавіка. У Бішкеку праходзіць пасяджэнне ў вузкім складзе Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета з удзелам прэзідэнтаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) — Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі.

Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС "плануюць абмеркаваць рэалізацыю асноўных кірункаў міжнароднай дзейнасці ЕАЭС, асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-членаў на найбліжэйшыя гады". "Асаблівая ўвага будзе нададзена эканамічнаму супрацоўніцтву з трэцімі краінамі", — паведаміла напярэдадні прэс-служба прэзідэнта Беларусі. Па выніках пасяджэння чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў.

Як перадае кіргізскае інфармацыйнае агенцтва 24.kg, пасля пасяджэння ў вузкім складзе кіраўнікі дзяржаў запросяць на пашыранае пасяджэнне прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона. Краіна падала заяўку на атрыманне статусу назіральніка ў ЕАЭС. Для інтэграцыйнага аб`яднання гэта першы такі вопыт, адзначае агенцтва.

Адкрываючы пасяджэнне ў вузкім складзе, прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў заявіў, што спадзяецца на плённую і аператыўную працу. Прэзідэнт адзначыў, што рад усіх вітаць на кіргізскай зямлі. У гэтым годзе Кыргызстан старшынствуе ў органах ЕАЭС і, карыстаючыся выпадкам, Алмазбек Атамбаеў падзякаваў калегам за падтрымку краіны і прыезд на пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

"Вы, вядома, азнаёміліся з нашымі прыярытэтамі, якія мы прапаноўваем ў рамках старшынства ў ЕАЭС. Мы прапаноўваем стварыць лепшыя ўмовы для вядзення бізнесу. Сёння ў нас дастаткова шырокае кола пытанняў парадку дня. Спадзяюся, што мы плённа і аператыўна будзем працаваць", — адзначыў Атамбаеў.

Далей паседжанне працягнулася без удзелу прэсы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239