Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898829_898830/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:20
14.04.2017 10:16 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь і Малдова змогуць прасунуць свае адносіны, нягледзячы на складанасці

Мінск, 14 красавіка. Беларусь і Малдова змогуць прасунуць свае адносіны, нягледзячы на складанасці. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 красавіка на сустрэчы з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам у Бішкеку, дзе праходзіць пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета краін ЕАЭС.

"Напэўна, даўно нам трэба было сустрэцца і пагаварыць аб далейшых захадах па ўмацаванні адносін Беларусі і Малдовы. Павінен шчыра сказаць, што мы робім усё для таго, каб не разарваліся нашы сувязі з вашай цудоўнай краінай, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Вы чалавек новай фармацыі, але абсалютна тых жа поглядаў і той палітыкі, якой мы ў Беларусі прытрымліваемся. Таму я думаю, што, нягледзячы на праблемы, мы зможам развіць нашы адносіны. У нас прынцып адзін: можам зрабіць нешта для сваіх сяброў, родных людзей — зробім. Калі будзе жаданне рухацца насустрач (эканоміка нас усё роўна да гэтага падштурхне), мы з вамі зробім нямала і для Малдовы, і для Беларусі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не раз бываў у Малдове і вельмі добра ведае гэтую краіну. "Розныя ў вас былі склады ўрада, розныя былі прэзідэнты, але мы стараліся падтрымліваць адносіны. Пры ўсіх складанасцях (пэўныя праблемы былі і па транзіце, па лагістыцы, і гэтак далей) мы паступова рухаліся наперад. Не скажу, што мы актыўна прасоўваліся ў галіне эканомікі і гандлю ў апошнія гады, але ўсё-такі нам удалося ў гэтыя складаныя гады захаваць станоўчую дынаміку", — адзначыў афіцыйны беларускі лідар.

Лукашэнка дадаў, што "Беларусь заўсёды адгукалася на ўсе просьбы Малдовы, падтрымліваючы гэтую краіну па патрэбных для яе кірунках". "Вы не чужыя людзі, і мы нешта маглі зрабіць, — сказаў ён. — Усё, што маглі, мы зрабілі".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239