Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898853_898854/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:18
14.04.2017 11:38 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка прапаноўвае ўвесці ў ЕАЭС мараторый на прыняцце прававых актаў, якія носяць дыскрымінацыйны характар

Мінск, 14 красавіка. Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку ў пашыраным фармаце прапанаваў рэалізаваць комплекс дзейсных мер для больш хуткага станаўлення ЕАЭС.

Перш за ўсё, на думку прэзідэнта, неабходна ўвесці мараторый на прыняцце новых прававых актаў, якія носяць дыскрымінацыйны характар у дачыненні да партнёраў па саюзе. "Сачыць за яго выкананнем павінна Еўразійская эканамічная камісія, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Што тычыцца дзейнасці Еўразійскага міжурадавага савета і ЕЭК, ім неабходна надаваць больш увагі ліквідацыі выключэнняў, бар`ераў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС". Адпаведны даклад аб працы па гэтым кірунку Лукашэнка прапанаваў заслухаць на чарговым пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

"Працягваючы працу па ўдасканаленні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, нельга дапусціць, каб да канца года ўсё звялося да тэхнічных правак. Неабходна ўважліва прааналізаваць гэты працэс на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, паводле яго слоў, нерэалізаванай застаецца беларуская ініцыятыва аб выпрацоўцы механізму функцыянавання ЕАЭС, калі адзін з яго ўдзельнікаў прымае аднабаковыя меры па абароне рынку ў дачыненні да трэціх дзяржаў. "Адсюль, як снежны ком, нарастаюць унутраныя супярэчнасці ў саюзе", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Як перадае кіргізскае інфармацыйнае агенцтва 24.kg, прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў, адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе, паведаміў, што Малдова атрымае статус назіральніка ў ЕАЭС. Паводле яго слоў, па выніках пасяджэння ў вузкім складзе "вырашана вітаць і падтрымаць намер Малдовы аб атрыманні статусу назіральніка". Пры гэтым Еўразійская эканамічная камісія павінна прадставіць для зацвярджэння на наступным пасяджэнні савета парадак рэалізацыі статусу назіральніка. Рашэнне аб наданні статусу Малдова атрымае пасля зацвярджэння парадку.

На сённяшнім пасяджэнні таксама стала вядома, што наступны саміт Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пройдзе 11 кастрычніка гэтага года ў Маскве.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239