Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898863_898864/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:51
14.04.2017 12:04 Грамадства

Мінгарсуд пакінуў у сіле прыгавор мінчаніну, які дрыфтаваў на плошчы Перамогі

Мінск, 14 красавіка. Судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда 14 красавіка разгледзела ў апеляцыйным парадку крымінальную справу ў дачыненні да мінчаніна Кірыла Філіпчыка, які дрыфтаваў перад манументам Перамогі, і пакінула прыгавор суда Партызанскага раёна без зменаў.

7 лютага раённы суд прыгаварыў абвінавачванага да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Філіпчык быў узяты пад варту ў зале суда.

Малады чалавек абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 346 (здзек над асабліва каштоўнай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю) КК. Сваю віну ва ўчыненні хуліганства Філіпчык прызнаў часткова. Не прызнаў знаходжанне ў момант учынення злачынства ў стане алкагольнага ап'янення. Па арт. 346 КК абвінавачваны віну не прызнаў. Пры гэтым папрасіў прабачэння ў ветэранаў, а ў апошнім слове папрасіў не пазбаўляць яго волі. Абарона Філіпчыка прасіла суд апраўдаць яго.

Паводле дадзеных следства, Філіпчык з 1.30 па 1.50 29 лістапада мінулага года, "будучы ў стане алкагольнага ап'янення, знаходзячыся на тэрыторыі манумента Перамогі, з хуліганскіх меркаванняў, выказваючы відавочную непавагу да грамадства і з выключным цынізмам, кіруючы аўтамабілем Mercedes-Benz S300, ажыццявіў заезд на тэрыторыю помніка абаронцам Айчыны — манумента Перамогі, заведама не прызначаную для руху транспартных сродкаў, пасля чаго мэтанакіравана ўвёў вышэйзгаданы аўтамабіль у кіраваны занос, праехаўшы на ім па тэрыторыі манумента Перамогі не менш трох кругоў вакол сваёй восі (дрыфтаваў)".

Убачаны ў момант ажыццяўлення гэтых дзеянняў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, на патрабаванні аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў ён не рэагаваў, дэманстратыўна неаднаразова парушыў абавязковыя для выканання правілы дарожнага руху, пасля чаго ўцёк.

Па лініі міліцыі ў дачыненні да вадзіцеля было складзена шэсць адміністрацыйных пратаколаў: па ч. 1, 6 і 10 ст. 18.14 (невыкананне патрабаванняў сігналаў рэгулявання дарожнага руху, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў або іншых правілаў дарожнага руху), ч. 4 арт. 18.36 (парушэнне парадку карыстання аўтамабільнымі дарогамі агульнага карыстання), ч. 1 арт. 18.21 (невыкананне патрабавання аб спыненні транспартнага сродку), ч. 1 арт. 18.22 (парушэнне правілаў спынення і стаянкі транспартнага сродку, а таксама іншых правілаў дарожнага руху) КоАП. Агульная сума штрафу — 630 рублёў. Правапарушальнік таксама пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам на 18 месяцаў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239