Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898867_898868/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:37
14.04.2017 12:43 Эканоміка, Палітыка

Па выніках саміту ЕАЭС у Бішкеку падпісана 11 дакументаў

Мінск, 14 красавіка. Кіраўнікі краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) па выніках саміту 14 красавіка ў Бішкеку падпісалі 11 дакументаў, паведамляе з Бішкека ТАСС.

У прыватнасці, прынята рашэнне аб наданні Малдове статусу краіны — назіральніка ў ЕАЭС. Зацверджаны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў саюза на 2017—2018 гады. Ухвалена ратацыя двух членаў калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, а ў рэгламент працы камісіі ўнесены шэраг змяненняў.

Кіраўнікі дзяржаў таксама зацвердзілі вынікі знешняга аўдыту ў органах ЕАЭС у 2016 годзе і прынялі распараджэнне аб часе і месцы правядзення чарговага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета — яно адбудзецца 11 кастрычніка ў Маскве.

У сваім выступленні на пасяджэнні прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ацаніў супрацоўніцтва краін ЕАЭС як паспяховае. "Можна з упэўненасцю сказаць, што агульны рынак ЕАЭС спрацаваў у якасці падушкі бяспекі, нягледзячы на выдаткі, звязаныя са знешняй неспрыяльнай кан`юнктурай", — сказаў ён.

У сваю чаргу прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заклікаў краіны ЕАЭС аказваць адна адной падтрымку для найхутчэйшага выхаду з крызісу. Паводле яго слоў, крызіс не вечны і пасля спаду заўсёды ідзе рост. "Недахопы недахопамі, а мы паказваем, што трэба далей працаваць. Калі ўсе бар`еры і канфіскацыі выключым, то зможам падтрымліваць рост да канца года. Трэба замацаваць яго і падтрымліваць эканамічны рост. Нам неабходна ліквідаваць перашкоды. Для гэтага Еўразійскай эканамічнай камісіяй ужо прынятыя першачарговыя меры, распрацаваны пералік бар`ераў", — адзначыў Назарбаеў.

Цяпер, лічыць ён, трэба распрацаваць дарожную карту, забяспечыць новыя эканамічныя пагадненні для пашырэння рынкаў збыту, актывізаваць працу па супрацоўніцтве з Іранам, Сінгапурам і іншымі краінамі, якія выказалі жаданне.

"Мы падпісалі пагадненне па датэрміновым прымяненні ўніфікаванага чыгуначнага тарыфу — гэта дазволіла калегам зэканоміць каля 60 млн долараў. Таксама прынята рашэнне аб выдзяленні Кыргызстану фінансавай дапамогі для адаптацыі да нормаў ЕАЭС. Мы працягваем узаемадзеянне з Кыргызстанам і па іншых кірунках. Мы заўсёды будзем станоўча разглядаць магчымасць аказання дапамогі", — дадаў Назарбаеў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239