Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898886_898887/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:33
14.04.2017 14:10 Эканоміка

"Белнафтахім": Сеткі АЗС зацікаўлены ў эканамічна абгрунтаваных цэнах

Мінск, 14 красавіка. Прадстаўнікі беларускіх сетак АЗС зацікаўлены ў эканамічна абгрунтаваных цэнах, паведаміла прэс-служба канцэрна "Белнафтахім" па выніках сустрэчы кіраўнікоў сетак з праўленнем канцэрна, якая прайшла 14 красавіка ў Мінску .

У мерапрыемстве, якое правёў выканаўца абавязкаў намесніка старшыні канцэрна Сяргей Каморнікаў, узялі ўдзел кіраўнікі кампаній "Газпрамнафта-Белнафтапрадукт", "Юнайтэд Компані", "Татнафта-Белнафтапрадукт", "НафтаХімТрэйдынг", "Лукойл Беларусь", "Астатрэйдынг", "РН-Захад", "Слаўнафтахім".

Бакі абмеркавалі аспекты цэнавай палітыкі пры рэалізацыі нафтапрадуктаў. Арганізацыі — уладальнікі АЗС адзначылі нізкую альбо адмоўную рэнтабельнасць працы па выніках першага квартала 2017 года з-за нізкіх цэн на маторнае паліва, абмежаванай маржынальнасці продажу. Адзначалася, што рост у красавіку нафтавых каціровак практычна нівеляваў станоўчы эканамічны эфект ад павышэння рознічных цэн на бензін і дызпаліва як для НПЗ, так і для сетак АЗС.

"У выступленнях кіраўнікоў сетак АЗС падкрэслівалася, што яны зацікаўленыя ў эканамічна абгрунтаваных цэнах, якія забяспечаць эфектыўнасць бізнесу і падтрымаюць дастатковы аб'ём рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку Беларусі. Узровень цэн на беларускіх АЗС, які дазваляе дасягнуць гэтых мэтаў, выступоўцы вызначылі ў памеры на 5—10% вышэй, чым у смаленскім рэгіёне суседняй Расійскай Федэрацыі", — гаворыцца ў паведамленні "Белнафтахіма".

Намеснік гендырэктара ЗТАА "Лукойл Беларусь" Уладзімір Храмянкоў звярнуўся ў канцэрн з прапановай абмеркаваць магчымасць самастойнага ўстанаўлення прадаўцамі цаны на зімовае дызельнае паліва, якасныя характарыстыкі якога адрозніваюцца ад таго, што рэалізуецца на АЗС.

У сувязі з гэтым намеснік дырэктара ТДА "Астатрэйдынг" (сетка АЗС "А-100") Ганна Красоўская падкрэсліла неабходнасць стварэння асацыяцыі кампаній — уладальнікаў АЗС. На яе думку, "грамадская арганізацыя дазваляла б выпрацаваць зладжаную пазіцыю ўсіх удзельнікаў рынку па розных пытаннях і больш важка адстойваць галіновыя інтарэсы на ўрадавым узроўні". "Давайце не толькі канкурыраваць, але і аб'ядноўвацца", — заклікала Красоўская.

Каморнікаў пацвердзіў падтрымку канцэрна гэтай ініцыятыве "А-100" і гатоўнасць, як і раней, даваць сваю пляцоўку для дыялогу паміж аператарамі рынку нафтапрадуктаў.

Прадстаўнікі кампаній папрасілі прадстаўніка "Астатрэйдынга" азнаёміць іх з праектамі статутных дакументаў асацыяцыі, якія вызначаюць яе мэты і задачы, для выпрацоўкі рашэння аб удзеле ў гэтай ініцыятыве.

Адабрэнне ўдзельнікаў рабочай сустрэчы выклікала паведамленне аб ходзе перамоваў аб пастаўках нафты ў Беларусь, адзначыла прэс-служба.

Таксама аператары рынку нафтапрадуктазабеспячэння былі праінфармаваныя аб магчымасцях доўгатэрміновага супрацоўніцтва з нафтаперапрацоўчымі заводамі ці аператыўнай аптовай закупкі аўтамабільнага паліва на нафтабазах ВА "Беларуснафта".

Нагадаем, цэны на паліва ў Беларусі павышаліся ўжо чатыры разы з пачатку 2017 года, кожны раз на адну капейку — 11 сакавіка і 18 сакавіка, а таксама 1 і 8 красавіка. Да гэтага цэны на паліва ў Беларусі не мяняліся каля двух гадоў.

Цэны на нафтапрадукты ў Беларусі рэгулюе дзяржава. "Павышэнне цэн на нафтапрадукты жыццёва неабходнае для НПЗ. Варта разумець, што рэзкага росту не адбудзецца, змяненне цэн будзе паэтапным і паступовым", — пракаментаваў раней "Белнафтахім".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239