Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898946_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 21:53
14.04.2017 17:09 Грамадства

Суд над анархістам Вячаславам Касінеравым прызначаны на 27 красавіка

Мінск, 14 красавіка. Суд над анархістам Вячаславам Касінеравым прызначаны на 27 красавіка. Крымінальная справа будзе слухацца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, суддзя — Аляксандр Петраш, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Касінераў быў затрыманы позна ўвечары 12 сакавіка пасля акцыі анархістаў "супраць мусарскога бязмежжа". Яе ўдзельнікі накінулі пятлю на шыю помніку гарадавому, які быў урачыста адкрыты 2 сакавіка насупраць будынка Міністэрства ўнутраных спраў у Мінску. Такім чынам анархісты выказалі сваё стаўленне да масавых затрыманняў удзельнікаў мірных акцый супраць дэкрэта "аб дармаедах" па ўсёй краіне.

Пасля затрымання ў дачыненні да Касінерава быў складзены пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў" 17 лютага ў Мінску. 13 сакавіка ён быў асуджаны на 15 сутак арышту і павінен быў вызваліцца з жодзінскага СІЗА 28 сакавіка, але ў той жа дзень Касінерава даставілі ў Следчы камітэт Маскоўскага раёна Мінска, дапыталі, выставілі абвінавачванне ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК) і змясцілі ў СІЗА № 1 на Валадарскага.

6 красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзеў у закрытым рэжыме скаргу Касінерава на прызначаную меру стрымання і адмовіўся вызваліць яго пад падпіску аб нявыездзе.

Праваабарончая супольнасць Беларусі расцэньвае крымінальны пераслед Касінерава як непрапарцыйна жорсткую рэакцыю ўладаў на яго ўчынак, абумоўленую помстай органаў міліцыі. 5 красавіка праваабаронцы выступілі з заявай аб прызнанні Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным. Яны запатрабавалі ад уладаў спыніць крымінальны пераслед Касінерава і неадкладна вызваліць.

Вячаслаў Касінераў быў адным з фігурантаў рэзананснай "справы графіцістаў". Ён і яшчэ два чалавекі былі затрыманыя ў жніўні 2015 года па падазрэнні ў нанясенні беларускамоўных графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...", а таксама псаванні фарбай сацыяльнай рэкламы на двух білбордах з выявай супрацоўнікаў міліцыі ў Мінску. Каля месяца ўсе трое знаходзіліся пад арыштам, затым іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 29 студзеня 2016 года па рашэнні суда Касінераў быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (6,3 млн рублёў на той момант) па арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239