Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/14/898971_258963/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:12
14.04.2017 19:26 Эканоміка, Грамадства

Першая прыватная кампанія Беларусі атрымала права выдаваць сертыфікаты адкрытага ключа электроннага лічбавага подпісу

Мінск, 14 красавіка. Velcom стаў першай прыватнай кампаніяй у Беларусі, якая атрымала права выдаваць сертыфікаты адкрытага ключа электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП), выпушчаныя Рэспубліканскім цэнтрам сведчання, паведамілі ў прэс-службе мабільнага аператара.

Цяпер пры звароце ў офіс velcom кліенты могуць атрымаць не толькі SIM-карту з падтрымкай SIMiD (ЭЛП), але і сертыфікат адкрытага электроннага ключа, які будзе непасрэдна выкарыстоўвацца для падпісання дакументаў.

Як растлумачылі ў прэс-службе кампаніі, тэлефоны з SIMiD-картамі дазваляюць падпісваць дакументы ў любым пункце свету, тэхналогія дазваляе павысіць хуткасць і эфектыўнасць працы, адмовіцца ад папяровага дакументаабароту і скараціць накладныя расходы.

У Беларусі пачалі падпісваць юрыдычна значныя дакументы з мабільных тэлефонаў і планшэтаў ў маі 2016 года. Тэхналогія рэалізаваная ў сетцы velcom і грунтуецца на выкарыстанні спецыяльных SIM-карт (SIMiD), у якія "ўшытыя" ключы электроннага лічбавага подпісу. У адрозненне ад звычайных SIM-карт, на іх можна запісаць ключы ЭЛП, якая прызнаецца ў Беларусі нароўні з рукапіснай. Такія карты абароненыя двума PIN-кодамі: адзін патрэбен для аўтарызацыі, другі — для падпісання дакумента. Апошні код пяцізнакавы, падабраць яго самастойна практычна немагчыма.

Новая тэхналогія дазваляе падпісваць з мабільных прылад дагаворы, акты, чэкі, накладныя і інш. З лічбавым подпісам яны прызнаюцца любой дзяржаўнай і прыватнай структурай.

Працэс рэалізаваны ў выглядзе спецыяльных зашыфраваных паведамленняў — бінарных SMS. Каб паставіць лічбавы подпіс, трэба адкрыць дакумент на сваёй прыладзе і выбраць канчатковага атрымальніка. Пасля гэтага на тэлефон прыйдзе SMS з просьбай увесці стандартны PIN-код, і ў выпадку пацвярджэння — набраць пяцізнакавую камбінацыю. У долі секунды падпісаны экзэмпляр па электроннай пошце паступіць адрасату. У будучыні адным дзеяннем можна будзе падпісаць адразу некалькі дакументаў.

SIM-карты з падтрымкай SIMiD даступныя ва ўсіх распаўсюджаных фарматах: стандарт, micro, nano. Атрымаць ці замяніць існую карту на SIM-карту з функцыяй ЭЛП можна ў галаўным офісе velcom.

Практыка выкарыстання SIM-карт з ЭЛП атрымала шырокае развіццё за мяжой. Так, мабільныя тэлефоны для падпісання дакументаў ўжываюць у Літве, Латвіі, Фінляндыі, Казахстане і Азербайджане. У Беларусі таксама створаныя для гэтага спрыяльныя ўмовы: электронны лічбавы подпіс мае тую ж юрыдычную сілу, што і ўласнаручны.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239