Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/18/899324_445896/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 22:14
18.04.2017 13:18 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка занепакоены незбалансаванасцю двухбаковага гандлю з Кітаем

Мінск, 18 красавіка. Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка на сустрэчы ў Мінску са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам заявіў пра незбалансаванасць двухбаковага гандлю.

"Мяне вельмі турбуе — і вы, напэўна, гэта заўважылі — незбалансаванасць нашага двухбаковага гандлю. Вельмі прасіў бы вас надаць сур'ёзную, пільную ўвагу гэтаму пытанню як у межах працы беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, так і на ўзроўні кіраўнікоў урадаў дзвюх краін, парламентарыяў", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле апошніх звестак Белстата, у Кітай у студзені 2017 года экспартавана тавараў на 40,4 млн долараў (на 25,1% больш), імпартавана з Кітая — на 199,3 млн (на 35% больш), адмоўнае сальда склала 159 млн долара. За 2016 год экспартавана тавараў на 468,3 млн долараў (на 40% менш), імпартавана — на 2 млрд 114,9 млн (на 11,9% менш).

На думку Лукашэнкі, высокі ўзровень беларуска-кітайскіх палітычных адносін павінен "падцягнуць за сабой" і эканоміку дзвюх краін. "Думаю, вы заўважылі, што прыярытэтная ўвага падчас перамоў надаецца пытанням эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння. Гэта не дзіўна. Мы чакаем, што высокі ўзровень нашых палітычных адносін падцягне за сабой і эканоміку перш за ўсё Беларусі да тых тэмпаў і вышынь, якіх дасягнулі вы", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час старшыня КНР Сі Цзіньпін, наведваючы індустрыяльны парк "Вялікі камень", назваў яго жамчужынай Шаўковага шляху. "Мы не можам разам з вамі ствараць там прадпрыемствы і эканоміку мінулага. Туды трэба прыцягнуць для працы самыя перадавыя кампаніі сусветнага ўзроўню з эканомікай заўтрашняга дня. У іншым выпадку прадпрыемствы не змогуць канкураваць на еўрапейскім рынку, ды і на рынку постсавецкай прасторы, — падкрэсліў Лукашэнка . — Мы пра гэта дамаўляліся першапачаткова. І мы з таварышам Сі Цзіньпінам прытрымліваемся да гэтага часу такой палітыкі і практыкі".

Беларускі кіраўнік прапанаваў Чжан Дэцзяну падрабязна абмеркаваць далейшае станаўленне індустрыяльнага парку. Галоўнае ў гэтым пытанні — прыцягненне інвестараў. "Мы ствараем магутную інфраструктуру і даем сур'ёзныя прэферэнцыі. Важна, каб усё гэта дало вынік у выглядзе прыходу высокіх тэхналогій, стварэння арыентаваных на экспарт вытворчасцяў з гарантаваным рынкам збыту", — звярнуў увагу Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неабходным актывізаваць супрацоўніцтва ў фінансавай сферы. "Беларусь зацікаўленая ў прыцягненні кітайскіх кампаній у банкаўскі сектар. Ёсць папярэднія дамоўленасці па выйсці China CITIC Bank на беларускі рынак. Зараз патрэбны дазвол кампетэнтных органаў Кітая", — адзначыў Лукашэнка.

"Акрамя таго, мы зацікаўленыя размясціць беларускія аблігацыі на вашым фінансавым рынку. Патрэбныя адпаведныя даручэнні для аператыўнага праходжання працэдур у Народным банку Кітая", — дадаў ён.

Лукашэнка лічыць, што кіраўніцтва Нацыянальнага сходу Беларусі павінна абмеркаваць з кіраўніком кітайскага парламента некалькі канкрэтных пытанняў, якія маюць для Беларусі прынцыповае значэнне. "З іншага боку, яны будуць іміджавымі праектамі для Кітайскай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Еўропы. Калі вы палічыце патрэбным нас падтрымаць, беларускі народ ніколі гэта не забудзе і будзе вам вельмі ўдзячны", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін краіны дасягнулі высокай інтэнсіўнасці ўзаемных візітаў. Ён нагадаў, што на мінулым тыдні сустракаўся з грамадскімі і дзяржаўнымі дзеячамі Кітая, у тым ліку з міністрам грамадскай бяспекі, генеральным пракурорам, сакратаром камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань.

"Актыўныя кантакты чарговы раз падкрэсліваюць асаблівы ўзровень адносін паміж нашымі краінамі — давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", — лічыць Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што Беларусь таксама зацікаўленая ў працягу сустрэч на вышэйшым узроўні і ў межах шматбаковых фарматаў, такіх як Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. "Перадайце ад мяне падзяку майму добраму сябру Сі Цзіньпіну за запрашэнне на міжнародны форум "Адзін пояс, адзін шлях". Упэўнены, ён стане знакавай падзеяй не толькі для Кітая, але і ўсёй планеты", — лічыць Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239