Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/18/899335_589647/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:48
18.04.2017 12:43 Грамадства

Фонд дамоў правоў чалавека: Судовы разбор ў дачыненні да Таццяны Равякі не павінен стаць прыкладам пераследу

Мінск, 18 красавіка. Міжнародная сетка праваабарончых арганізацый "Фонд дамоў правоў чалавека" накіравала зварот старшыні суда Цэнтральнага раёна Мінска, у якім 18 красавіка павінна разглядацца адміністрацыйная справа праваабаронцы Таццяны Равякі.

Равяка была затрыманая 26 сакавіка 2017 года і дастаўленая ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска, дзе яе трымалі тры гадзіны. Супрацоўнікі міліцыі склалі ў дачыненні да праваабаронцы адразу два пратаколы: на падставе артыкула 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КоАП (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі). Равяка накіравала ў пракуратуру Мінска скаргу ў сувязі з яе адвольным затрыманнем і жорсткім абыходжаннем у Цэнтральным РУУС.

У звароце Фонду дамоў правоў чалавека адзначаецца, што Таццяна Равяка з'яўляецца прэзідэнтам Беларускага дома правоў чалавека імя Звозскава і членам праваабарончага цэнтра "Вясна" (ліквідаваны беларускімі ўладамі ў 2003 годзе). "Спадарыня Равяка — праваабаронца, якая добра вядомая ў Беларусі і за яе межамі за сваю актыўную працу па абароне ахвяраў парушэнняў правоў чалавека і іх сем'яў, а таксама за працу па абароне правоў усіх людзей у Беларусі", — гаворыцца ў звароце.

"Судовы разбор у дачыненні да Таццяны Равякі не павінен стаць прыкладам пераследу і запалохвання, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы, журналісты і іншыя грамадзянскія актывісты, якія ажыццяўляюць маніторынг пратэстаў у Беларусі, — падкрэслівае міжнародная праваабарончая структура. — Такія факты пераследу, на нашу думку, указваюць на тое, што абвінавачанне, высунутае зараз супраць Таццяны Равякі, звязанае не з якімі-небудзь неправамернымі дзеяннямі, а выкарыстоўваецца ў якасці карнай меры ў адказ на яе прафесійную дзейнасць".

Нагадваючы аб праве Равякі браць удзел у мірных сходах і весці назіранне падчас мірных акцый пратэсту згодна з міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, фонд таксама нагадвае суду Цэнтральнага раёна аб міжнародных абавязацельствах, прынятых на сябе Рэспублікай Беларусь.

"Мы інфармуем суд пра тое, што любыя крымінальныя і адміністрацыйныя меры пакарання ў дачыненні да Таццяны Равякі будуць разглядацца як непрапарцыйныя, якія парушаюць нормы міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Такім чынам, мы лічым, што важная роля суда ў забеспячэнні правасуддзя ў дачыненні да Таццяны Равякі, а таксама ўсіх астатніх удзельнікаў мірных дэманстрацый пратэсту, якім былі выстаўленыя аналагічныя абвінавачанні, заключаецца ў тым, каб зняць усе абвінавачанні, што выстаўляюцца ў сувязі з удзелам у вышэйзгаданых акцыях пратэсту і назіраннем за імі", — гаворыцца ў звароце.

Фонд дамоў правоў чалавека — няўрадавая арганізацыя, створаная ў 1989 годзе. Аб'ядноўвае разгалінаваную сетку праваабарончых структур у розных краінах.

Беларускі дом правоў чалавека быў створаны ў 2007 годзе ў Вільнюсе, бо ў Беларусі легальна займацца праваабарончай дзейнасцю складана. З ліпеня 2012 года арганізацыя носіць імя Барыса Звоскава — першага прэзідэнта Беларускага дома правоў чалавека, які памёр у чэрвені таго ж года.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239