Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/18/899410_899411/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 14:13
18.04.2017 16:57 Грамадства, Эканоміка

Рэальныя даходы насельніцтва Беларусі працягваюць падаць

Мінск, 18 красавіка. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі працягваюць падаць больш за два гады. За студзень—люты 2017 года яны знізіліся на 3,2% да ўзроўню такога ж леташняга перыяду, паведаміў Белстат.
У агульным аб'ёме грашовых даходаў аплата працы займае 60,3%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,2%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 25,4%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 6,1%.

Даходы насельніцтва памяншаюцца з 2015 года. Разам з тым тэмп падзення з пачатку гэтага года запаволіўся. У студзені 2016 года даходы знізіліся на 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені—лютым 2016 года да аналагічнага перыяду папярэдняга года — на 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, студзені—маі, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%, студзені—жніўні — 7,1%, студзені—верасні — 7,2%, студзені—кастрычніку — 7,3%, студзені—лістападзе — 7,5%. У цэлым за 2016 год прыбыткі насельніцтва знізіліся на 7,3%, а ў студзені 2017-га — на 4,5%.

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады закладзены рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе ў дачыненні да 2015 года на 9,5—11,6%.

Аляксандр Лукашэнка працягвае заяўляць пра неабходнасць давядзення сярэдняй зарплаты ў Беларусі да 500 долараў у гэтым годзе. Пры гэтым, паводле апошніх дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у лютым 2017 года сярэдняя налічаная зарплата работнікаў склала 716,5 рубля, што ў пераліку па афіцыйным курсе на 28 лютага склала 381 долар ЗША.

На думку эканамістаў, падзенне даходаў насельніцтва ў Беларусі абумоўлена скарачэннем інвестыцый, падзеннем канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і прадукцыйнасці працы, адтокам прадпрымальнікаў і іх матэрыяльных актываў, а таксама стратамі беларускіх вытворцаў на знешніх рынках.

"Трэба прызнаць, што ўзровень даходаў, які заяўлены ўладамі, носіць хутчэй палітычны і ідэалагічны характар, але ніяк не быў абумоўлены выразным эканамічным падмуркам. Цяпер ідзе адаптацыя таго, што мы можам зарабляць, да таго, што мы зарабляем на самай справе", — заяўляў раней БелаПАН кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізеса эканаміст Яраслаў Раманчук.

Пры гэтым ён лічыць, што неаднаразовае паўтарэнне Лукашэнкам задачы для ўрада ў 2017 годзе дасягнуць сярэдняга ўзроўню заробкаў у 500 долараў "з'яўляецца ўсяго толькі мантрай, якая ніякага тэарэтычнага і практычнага разліку не мае".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239