Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/20/899720_205069/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:41
20.04.2017 13:02 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пра расійскія СМІ: Кідаюць лыжку дзёгцю ў бочку мёду

Мінск, 20 красавіка. Расійскія СМІ перыядычна крытыкуюць беларуска-расійскія адносіны, некаторыя рэсурсы працягваюць гэта рабіць нават пасля перамоў кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 красавіка на перамовах у Мінску з губернатарам Ніжагародскай вобласці РФ Валерыем Шанцавым.

"Пачынаюць у СМІ з'яўляцца розныя выдумкі, хто каго там падмануў, што мы зноў на каленях нешта просім у Расіі і гэтак далей, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Мы ні перад кім ніколі не стаялі на каленях. Вы гэта добра ведаеце, мы з вамі ні адзін дзясятак гадоў знаёмыя. Асобным пісакам і тым, якія ў тэлеэкранах, хачу сказаць, што ў вырабах Беларусі — трактарах, аўтамабілях, ўсёй машынабудаўнічай ці хімічнай галіны — ад 30 да 90% камплектавальных, сыравіны і матэрыялаў з Расіі".

Паводле яго слоў, калі фармавалася Саюзная дзяржава, было вырашана не ламаць усталяваныя народна-гаспадарчыя сувязі. За Беларуссю засталася фінішная прамысловая вытворчасць (фактычна Расіі), як гэта было і пры Савецкім Саюзе, таму эканомікі дзвюх дзяржаў засталіся ўзаемазвязаныя, сказаў Лукашэнка.

"Сёння на прадпрыемствах Расіі, якія працуюць на фінішную вытворчасць у Беларусі (вырабляюць камплектавальныя, матэрыялы і іншае), працуюць больш за 10 млн чалавек, — адзначыў ён. — Дапамагаючы фінішнай вытворчасці, падтрымліваючы, каб яна не звалілася, мы дапамагаем мінімум 10 млн, а то і 15 млн — тым людзям, якія і працуюць у Расіі. Зразумела, што калі ёсць праблема ў Расіі, яна будзе і ў Беларусі, ды і ў іншых рэспубліках, якія завязаныя на Расію. Але так, як Беларусь, ні адна рэспубліка не звязаная са сферай эканомікі Расійскай Федэрацыі".

Адносна расійскіх крэдытаў, што выдаюцца Беларусі, Лукашэнка сказаў: "Мы плацім пад 4,51—6% гадавых. Прытым спраўна заўсёды абслугоўвалі іх. Амерыканцы вам плацяць 0,5%. Усе краіны атрымліваюць пэўныя крэдыты або ад міжнародных арганізацый, або ад дзяржаў. Расія у нас па гэтых пытаннях не займае першае месца, на ім — Кітайская Народная Рэспубліка. Яна дала нам крэдытную лінію прыблізна 15 млрд долараў пад праекты, што рэалізуюцца ў Беларусі, мы яе да гэтага часу не выбралі. Самае галоўнае — яны нас не папракаюць тым, што дапамагаюць нам".

Лукашэнка падкрэсліў, што расійскае кіраўніцтва стратэгічна падыходзіць да адносін Беларусі, і гэта не гульня ў адны вароты. "Гэта сапраўды кампраміс, які быў дасягнуты. Не, трэба лыжку дзёгцю кінуць у бочку мёду. Вось гэтым асобныя і займаюцца, у тым ліку, як мяне сёння праінфармавалі, і ваш былы любімы канал ТВЦ", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў Расіі "любяць крытыкаваць і наладжванне адносін паміж Беларуссю і Еўропай, нібыта краіна вырашыла развярнуцца на Захад". "Мы на Захадзе нікому не патрэбныя. Там такога дабра, як Беларусь, хапае і без яе. А як мяне любяць на Захадзе, вы памятаеце з тых часоў. Нічога тут не змянілася. Мы, жывучы ў цэнтры Еўропы, вымушаныя праводзіць такую палітыку, каб захаваць краіну, бяспеку, суверэнітэт, незалежнасць і стабільнасць, каб людзям нармальна жылося. Мы не можам сварыцца ні з Расіяй, ні з Захадам. Наш лёс такі", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў расіян у Беларусі не ўзнікае ніякіх праблем як з пункта гледжання бяспекі, так і вядзення бізнесу. Не ў прыклад гэтаму, паводле яго слоў, развіваюцца падзеі ва Украіне. "Вось гэта адказ тым крытыкам, якія любяць запусціць камень у агарод Беларусі", — сказаў Лукашэнка.

Крытыкуючы Беларусь, адзначыў ён, могуць указаць на наяўнасць у краіне двух афіцыйных моў і нададзеную ўвагу нацыянальнай. "Тое, што мы беларускую мову не забываем, так і павінна быць. Гэта добра, што ў беларусаў ёсць свая мова. Чаго нас гэтым папракаць? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але ж і ў нас пераважная большасць людзей размаўляюць на рускай мове, і ў быце ў нас мова зносін руская. Але падкрэсліваю — гэта не расійская мова. Гэта наша агульная з вамі мова, якую мы стваралі гадамі. Яна ўдасканальваецца, развіваецца як жывая тканіна. І мы разам з вамі нямала зрабілі для ўдасканалення гэтай мовы. мы ніколі ад яе не адмовімся. Але ёсць у нас свая нацыянальная беларуская мова, родная мова беларусаў. Яе ведаюць і многія беларусы, якія жывуць за межамі нашай краіны. Таму тут усё нармальна і ўсё пад кантролем".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН